Гілары Клінтан абвінаваціла расейскія спецслужбы ва ўзломе сервераў ейнай партыі


Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан заявіла, што за ўзломам кампʼютарных сістэм Дэмакратычнага нацыянальнага камітэту стаяць расейскія спецслужбы.

«Мы ведаем, што расейская выведка ўзламала сістэму Дэмакратычнага нацыянальнага камітэту, мы ведаем, што яны арганізавалі публікацыю велізарнай колькасці лістоў, і мы ведаем, што Дональд Трамп выказваў вельмі непрыемную гатовасць падтрымаць Пуціна», – цытуе словы Клінтан агенцтва «Reuters».

Дэмакратычная партыя ЗША абвясціла пра ўзлом сервераў нацыянальнага камітэту ў чэрвені 2016 года. Тады ж газета «The Washington Post» са спасылкай на крыніцы напісала, што ў атацы падазраюць хакераў, звязаных з урадам РФ.

Паведамлялася, што да ўзлому могуць быць датычныя дзве хакерскія групы пад кодавымі назвамі «Cozy Bear» (нібыта працуе на расейскае ФСБ) і «Fancy Bear» (нібыта працуе на Галоўнае выведкавае ўпраўленне Расеі).

У канцы ліпеня праект «Wikileaks» апублікаваў каля 20 тыс. лістоў, атрыманых у выніку ўзлому. З лістоў, у прыватнасці, вынікала, што кіраўніцтва партыі з пачатку кампаніі падтрымлівала кандыдатуру Клінтан, а не яе суперніка Бэрні Сандэрза. У штабе Гілары Клінтан заявілі, што да ўзлому могуць быць датычныя расейскія хакеры. Пазней прэзідэнт ЗША Барак Оўбама заявіў, што не выключае расейскага ўдзелу ў перадвыбарнай кампаніі Дональда Трампа.

29 ліпеня газета «The New York Times» паведаміла, што расейскае ГРУ можа быць датычнае да атакі на кампʼютарныя сістэмы камітэту Дэмакратычнай партыі па выбарах у Кангрэс з дапамогай хакерскай групы «Fancy Bear».

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў