Гібралтар можа далучыцца да Іспаніі, калі Вялікая Брытанія выйдзе з ЕЗ


Галоўны міністр Гібралтару папярэджвае пра закрыццё межаў суседняй Іспаніяй у выпадку, калі Вялікая Брытанія вырашыць выйсці з Еўрапейскага звязу.

«Цяперашні міністр замежных справаў Іспаніі быў шчырым наконт таго, што выхад з ЕЗ можа азначаць закрыццё межаў. І калі Гібралтар хацеў бы мець доступ да адзінага рынку і правоў, якімі мы карыстаемся, штодня свабодна перамяшчаючыся, нам давядзецца разгледзець пытанне сумеснага з Іспаніяй суверэнітэту, якое ніхто на Гібралтары не гатовы разглядаць», – заявіў галоўны міністр Гібралтару Фабʼян Пікарда.

Усё дарослае насельніцтва Гібралтару – а гэта 23 тыс. асобаў – зможа прыняць удзел у рэферэндуме аб выхадзе Вялікай Брытаніі з ЕЗ, што адбудзецца 23 чэрвеня.

Мясцовае выданне «Gibraltar Chronicle» прагназуе, што ўдзел у рэферэндуме возьме 80 % гібралтарцаў, з якіх 9 з 10 выкажуцца за тое, каб застацца ў Еўрапейскім звязе.

Гібралтар быў перададзены Вялікай Брытаніі ў 1713 годзе паводле Утрэхцкай дамовы, але Іспанія па-ранейшаму імкнецца прэтэндаваць хоць на нейкі кантроль над тэрыторыяй. У першую чаргу выкарыстоўваючы кантроль на мяжы, што звязвае заморскую тэрыторыю Вялікай Брытаніі з кантынентальнай Еўропай і якую штодня перасякаюць 10 тыс. працаўнікоў.

Напрыклад, тры гады таму пасля спрэчак на права лавіць рыбу Іспанія ўвяла на мяжы пільны дагляд, з-за чаго зʼявіліся вялізныя чэргі.

Гібралтарцы не будуць мець вялікага ўплыву на вынікі рэферэндуму, таму што складаюць толькі 0,05 % ад агульнай колькасці ўдзельнікаў брытанскага рэферэндуму.

НМ, belsat.eu, паводле «Sky News»

Глядзі таксама
Каментары