«Гэтыя кнігі прасцей было б з’есці…»


За кнігу Пачобута і праваабарончы агляд «Вясны» журналіста трымалі на гарадзенскай мытні тры гадзіны.

Рэдактара сайту радыё «Рацыя» Аляксея Трубкіна затрымалі на тэрмінале гарадзенскага чыгуначнага вакзалу ў ноч з пятніцы на суботу. Журналіст ехаў з Беластоку да бацькоў у Наваполацк.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Падставай для затрымання і складання пратаколаў сталі кніга Андрэя Пачобута «System Białoruś» і «Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі 2010» праваабарончага цэнтру «Вясна». Пачаткова ўвагу мытнікаў, паводле Аляксея, прыцягнула менавіта фота Лукашэнкі на вокладцы кнігі Пачобута. У выніку начальнік мытнага пункту Уладзімір Крыцкі склаў акт канфіскацыі, акт мытнага дагляду, а таксама ўзяў у журналіста тлумачэнні.

«Цікава, што, калі кніжкі знайшлі, да мяне падышла начальніца змены маёр Малаткова, – распавядае Аляксей, – спачатку спыталася нешта кшталту: «Што гэта зменіць?», а пасля дадала – «Гэтыя кнігі прасцей было б з’есці…».

Пасля ўсіх працэдураў прыкладна а 3-яй ночы Трубкіна адпусцілі. Кнігі мытнікі пакінулі сабе «для вывучэння». Раней Трубкіна ўжо затрымлівалі на гарадзенскім мытным пункце, яшчэ падчас навучання на «Праграме Каліноўскага» у 2007 годзе.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў