«Гэты прысуд азначае, што беларускія ўлады вярнуліся да практыкі рэпрэсіяў»


Першы ў гэтым годзе штраф. Сёння адбыўся суд над гомельскай незалежнай журналісткай Ларысай Шчыраковай. Суддзя Аляксандр Лісоўскі палічыў нашую калегу вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе медыя-прадукцыі ды ацаніў яе працу ў 22 базавыя велічыні штрафу. Шчыракова сваёй віны не прызнае і будзе абскарджваць судовае рашэнне. За што з незалежнай журналісткі патрабуюць Br 4,5 млн?

Запісанае фрылансэркаю Ларысаю Шчыраковай інтэрв’ю з дзетдомаўцам, які не можа знайсці працу, было скарыстанае «Белсатам» для падрыхтоўкі сюжэту. А капітан міліцыі Цітоў скарыстаўся ім, каб поштаю даслаць незалежнай журналістцы пратакол аб незаконнай дзейнасці.

«Пераследаваць журналістаў толькі за тое, што яны займаюцца журналістыкай, збіраюць і распаўсюджваюць абʼектыўную інфармацыю – гэта, канешне, нізка, амаральна і подла», − абураецца Ларыса Шчыракова.

Гэтыя словы Ларыса сказала ў сваім апошнім слове на судзе. Журналістка прыводзіла артыкулы з Канстытуцыі, з Закону аб сродках масавай інфармацыі, з пакту аб палітычных і грамадзянскіх правах. Марна.

«Такое ўражанне, што суддзя ўсе аргументы Ларысы Шчыраковай проста не слухаў», − зазначае Віктар Адзіночанка, праваабаронца, Беларускі Хельсінскі камітэт.

Прысутныя праваабаронцы лічаць, што вырак быў гатовы да паседжання. Зрэшты, гэта не першы штраф, выпісаны на Ларысу Шчыракову за яе працу. Проста першы ў новым годзе.

«У Беларусі сістэматычна парушаюцца правы чалавека, у тым ліку права на свабоду выказвання, права на збор і распаўсюд інфармацыі. Сістэматычныя парушэнні і сістэматычны пераслед журналістаў за прафесійную дзейнасць», − дадае Ларыса Шчыракова.

На практыцы гэта выглядае груба. Міліцыянты, людзі ў цывільным ды чыноўнікі лезуць рукамі ў аб’ектывы, ломяць камеры, каб фрылансэры і штатныя журналісты не змаглі зняць іх парушэнні законаў. На журналістаў складаюць пратаколы і завальваюць непад’ёмнымі штрафамі. Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў свету, дзе патрэбная акрэдытацыя Міністэрства замежных справаў, каб працаваць для замежных медыяў. А журналісты-фрылансэры, як Ларыса Шчыракова, проста адсутнічаюць у законе.

«Гэты прысуд азначае, што беларускія ўлады вярнуліся да практыкі рэпрэсій, якія прымяняліся цягам палутара гадоў супраць незалежных журналістаў. Яны былі прыпыненыя перад прэзідэнцкімі выбарамі мінулага году», − мяркуе Міхась Янчук, прадстаўнік «Белсату» ў Менску.

Аляксандр Лукашэнка асабіста абяцаў, што ў Беларусі пераследаваць незалежных журналістаў не будуць.

«Узнікае заканамернае пытанне: альбо беларускія ўлады хлусяць, альбо яны не кантралююць уласных спецслужбаў», − падсумоўвае Міхась Янчук.

Гомельская вобласць у апошнія гады сапраўды вылучаецца павялічанаю гатоўнасцю сілавікоў затрымліваць, саджаць і штрафаваць незалежных журналістаў. Але ці ідзе гэта на карысць іміджу лібералізацыі, які спрабуе стварыць афіцыйны Менск на міжнароднай арэне?

Яраслаў Сцешык, Белсат

Стужка навінаў