Гэтую вышыўку беларускі хавалі ад чужога вока. У Гомлі адкрылася выстава ткацтва


На выставе, якая адкрылася ў бібліятэцы Герцэна ў Гомлі сярод іншых экспанатаў дэманструецца дужа інтымная рэч – падол жаночай кашулі з вышыўкай. Гэта элемент, які вышываўся выключна для сябе і які не прынята было ўсім дэманстраваць.

Вёска Неглюбка ад сярэдзіны XIX стагоддзя вядомая як цэнтр мастацкага ручнога ткацтва. Асаблівую вядомасць набылі тканыя ручнікі з старажытнымі геаметрычнымі і геаметрычна-расліннымі арнаментамі – be.wikipedia.org.

Загадчык філіялу Веткаўскага музею Пятро Цалка распавядае, што ніжняя частка жаночай кашулі не была бачная.

«Таму гэта падкрэслена вышывалася менавіта для сябе, сюды ўкладалася душа і пэўны сэнс, – гаворыць Пятро Цалка. – Гэта выстава падкрэслівае і дэманструе як шмат можа значыць адзін і той жа арнамент і як ён можа не значыць абсалютна нічога, калі ён адарваны ад традыцыі. Паралельна мы дэманструем і рэканструкцыю неглюбскіх строяў ды інтэр’ерныя працы ў выглядзе пано, карцін. Гэтыя працы могуць стаць часткай сучаснага інтэр’еру, сучаснага чалавека і ў той жа момант захаваць нейкую частку аўтэнтычнасці, калі гэта будзе не проста беларускі арнамент, а «вядзьмедзь», «казёл кучаравы з вачыма»… Калі чалавек усведамляе значэнне арнаменту і стварае яго сам».

Арнамент Вядзьмедзь

Пятро Цалка захапіўся Неглюбкай як толькі трапіў у Веткаўскі музей. «У мяне заўжды пытаюць: «чаму Неглюбка, бо цэнтры ткацтва ёсць паўсюль». Справа ў тым, што ў іншых мясцовасцях давялося аднаўляць і адраджаць ткацтва з нуля. У Неглюбцы ж ніколіі не перарывалася гэтая нітачка. І цяпер нават у школах, у 9-11 класах атрымліваюць прафесію ткачых. Таму Неглюбку можна назваць адной з апошніх Атлантыдаў традыцыйнай культуры і традыцыйнага арнаменту», – гаворыць загадчык музею.

Пятро Цалка

У большасці сучасных музеяў экспанаты можна толькі разглядаць, але нельга кранаць рукамі. Пятро Цалка ў свой час вырашыў гэтую праблему – ён пачаў рэканструяваць узоры аўтэнтычнага ткацтва і вышыўкі па існуючых у фондах музею прыкладах. Гэтак у філіяле паўстала ткацкая майстэрня «Параскева»

«Наша ткацкай майстэрня – гэта месца, дзе ўсё можна і патрэбна кранаць рукамі, – кажа Пятро Цалка. – Для мяне асабіста гэты працэс – гэта крок наперад традыцыйнай культуры: з музейнай вітрыны ў сучаснае жыццё. Кожны ахвотны можа прыйсці да нас і навучыцца ткацтву, вышыўцы і шматлікім цікавым рэчам».

Дзяўчына прымярае вясельны вянок

Пабачыць выставу на свае вочы кожны жадаючы можа ў сценах Гомельскай гарадской бібліятэкі імя Герцэна да 18 ліпеня. Там жа можна і памацаць і нават памераць рэканструяваны вясельны строй з вёскі Неглюбка.

Павялічаная праекцыя вышыўкі падолу

МД, belsat.eu

Стужка навінаў