«Гэта заявы ў стылі Паўночнай Карэі». Эканамісты тлумачаць, чаму абяцанні Лукашэнкі падняць заробак – нерэальныя


Падчас візіту ў Берасцейскую вобласць 11 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 2018 годзе прадпрыемствы з нізкім узроўнем заробку неабходна падцягнуць да 1 тыс рублёў. Тады сярэдні заробак па краіне можа дасягнуць 1, 5 тыс. Спецыялісты патлумачылі, чаму нельга гэтага рабіць і да чаго прывядзе хуткае штучнае падвышэнне заробкаў.

Паводле меркавання эканаміста Леаніда Заікі, калі за год дацягнуць прадпрыемствы з нізкімі заробкамі да 1 тыс рублёў, то прадукцыя такіх прадпрыемстваў рэзка ўзрасце ў цане і зробіцца неканкурэнтаздольнай.

Леанід Заіка

«Па-першае, гэта супярэчыць законам эканомікі, бо яна не працуе такім чынам. ВВП Беларусі падае ўвесь час, а ў апошнія гады ён скараціўся амаль на 40%. Канешне, можна штучна дацягнуць заробкі, але гэта прывядзе да краху экспарту. Беларусь яго проста згубіць – прадукцыя стане дарагой і попыт на экспартным рынку на яе значна ўпадзе.

Акрамя таго, Лукашэнка кажа пра сярэдні заробак у 1,5 тыс па краіне ў бліжэйшай будучыні. Атрымліваецца, што ў нас праз пяць год людзі будуць атрымліваць больш, чым у ЗША? Тэмп росту нерэальны. Заявы Лукашэнкі не адпавядаюць рэчаіснасці і гучаць у стылі Паўночнай Карэі, таварыша Кім Ір Сена. Там у такое яшчэ можна было б паверыць», – гаворыць Заіка.

Эксперт упэўнены: абяцанне Лукашэнкі – «прапагандысцкі трук» і параўноўвае намер падвысіць заробкі за год са «скачком з мосту на бетонную аўтастраду».

Экс-старшыня Нацыянальнага банку, доктар эканамічных навук Станіслаў Багданкевіч патлумачыў, чаму ў дзяржавы на сённяшні дзень няма рэсурсаў для росту заробку на непаспяховых прадпрыемствах.

Станіслаў Багданкевіч

«Павышэнне заробкаў стала б рэальным, калі б у дзяржавы была распрацаваная адпаведная эканамічная праграма як мінімум на бліжэйшыя 5 год. Перадусім яна мусіць уключаць у сябе тэхнічную мадэрнізацыю прадпрыемстваў, замену старога абсталявання на высокапрадукцыйнае. Патрабуюцца вялікія інвестыцыі, а грошай проста няма. Раней Лукашэнка карыстаўся датацыямі Расеі, але сёння яны значна зменшыліся. Да таго ж, неабходна пагасіць крэдыты, знешні долг Беларусі пастаянна расце», – канстатуе Багданкевіч.

Экс-старшыня Нацбанку падкрэсліў, што калі заробкі ўсё ж дацягнуць да 1 тыс, то праз месяц-два яны зноў упадуць да ранейшага ўзроўню.

Нагадаем, па выніках 2016 года агульная запазычанасць Беларусі перад знешнімі крэдыторамі склала 13, 5 млрд долараў. Пры гэтым толькі Расеі наша дзяржава павінна вярнуць 741, 3 млн долараў. Сярэдні ж заробак па краіне паводле афіцыйнай статыстыкі складае 819, 3 рублёў.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары