«Гэта ўзнагарода ад беларускіх уладаў». Рамашэўская-Гузы пра ператрус на «Белсаце»


Дырэктар тэлеканалу «Белсат» – пра аднайменны таварны знак і працу калектыву без камп’ютараў.

З чым звязаныя ператрусы ў офісах «Белсату»?

Гэта вынік добрай працы нашых журналістаў падчас апошніх пратэстаў – такая ўзнагарода ад беларускіх уладаў.

Чаму беларускія ўлады выцягваюць старую справу таварнага знаку?

Беларускія ўлады любяць у такой сітуацыі мець якое-небудзь апраўданне.

Справа таварнага знаку – кій, які дзесьці ляжыць падрыхтаваны.

Цягам некалькі гадоў яго не выцягвалі, але бачу, што цяпер яго зноўку вырашылі ўжыць. Але гэта толькі нагода.

Варта прыгадаць адну важную рэч: аднаўленне справы таварнага знаку, паводле якой Вярхоўны суд Беларусі прызнаў нам рацыю, была выцягнутая зноўку праз хадайніцтва намесніка генеральнага пракурора.

Я ўжо думала над зменай назвы [каналу], але так ці інакш улады павінныя аддаць дзевяць камп’ютараў.

Ці канфіскацыя тэхнікі паўплывае на працу каналу? Ці ёсць нейкі план для такіх аварыйных сітуацыяў?

На працу каналу гэта паўплывае: дзевяць кампʼютараў – гэта дзевяць кампʼютараў, салідная тэхніка, якую, спадзяюся, улады вернуць. Аварыйны план мы, аднак, маем: здарэнне не азначае, што канал перастане працаваць – на гэты конт я не хвалююся.

Размаўляў Ян Бабіцкі


Справа вакол таварнага знаку цягнецца не першы год. Яна сталася прадметам судовых разбораў паміж нашым тэлеканалам і ўладальнікам фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэем Беляковым. Паводле яго, СМІ, якое транслюе з тэрыторыі Польшчы, парушае ягоныя бізнесовыя інтарэсы. Сёлета ён склаў чарговую скаргу.

Міліцыя пачала дзеяць толькі цяпер – cёння ў абодвух сталічных офісах тэлеканалу «Белсат» адбыліся ператрусы. Прадстаўнікі праваахоўных органаў з’явіліся каля 10-ай гадзіны раніцы ў офісе, што месціцца ў жылой кватэры ў цэнтры Менску, і не пускалі ў пад’езд працаўнікоў нашага тэлеканалу. Жыхароў жа кватэраў праводзілі дамоў міліцыянты.

Кіраўнік аддзелу інфармацыі «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі лічыць гэта адказам уладаў на добрую працу.

«Мы вельмі добра і прафесійна спрацавалі ў часе пратэстаў супраць дэкрэту «аб дармаедах». У параўнанні з нашымі калегамі мы маглі даваць матэрыялы і карцінку не толькі ў інтэрнэце, але і праз спадарожнік», – кажа Дзікавіцкі.

Стужка навінаў