«Гэта ў нейкім родзе прызнанне ўлады». Лукашэнка адкрыў сесію ПА АБСЕ

video

Умацаванне даверу, барацьба з тэрарызмам, тэма міграцыі – афіцыйны парадак дня распачатай сёння ў Менску Парламенцкай асамблеі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе. Толькі праз 4 дні абмеркаванняў і галасавання будзе прынятая Менская дэкларацыя. Але што б ні напісалі ў выніковым дакуменце, у найбольшай выйгранцы па заканчэнні сесіі ўсё роўна застануцца гаспадары сустрэчы.

«Зразумела, што беларуская ўлада гэтымі падзеямі карыстаецца. Гэта ж у нейкім родзе прызнанне ўлады. Тое, што Лукашэнка выступае перад больш чым тромстамі дэпутатамі асамблеі азначае, што яны прызнаюць яго як беларускага лідара», – падкрэсліў палітолаг Алесь Лагвінец.

Менавіта таму Лукашэнка асабіста ўзяў удзел у адкрыцці Парламенцкай асамблеі. А да гэтага, нягледзячы на шматгадовую крытыку з боку АБСЕ на адрас беларускага рэжыму, заклікі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і патрабаванні спыніць сілавое здушэнне мірных апазіцыйных акцыяў, кіраўнік краіны адпусціў у бок арганізацыі камплімент і рабіў выгляд глыбокай заклапочанасці ў будучыні абʼяднання.

«АБСЕ ўнікальная арганізацыя, і я ўпэўнены, што яна павінна рэагаваць на вострыя моманты ў нашым рэгіёне, і рэагаваць на самым высокім узроўні, на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Але паглядзіце, колькі негатыўнага адбылося за апошні час у Еўропе. І якая рэакцыя нашая, кіраўнікоў дзяржаваў? Ніякай. Вайна ідзе ў Еўропе – ніякай рэакцыі. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас у арганізацыі ёсць праблемы», – звяртаў увагу на недахопы АБСЕ Лукашэнка.

Асамблея адказала Лукашэнку ўзаемнасцю

Дэлегаты асамблеі не падтрымала вынясення на разгляд рэзалюцыі аб Беларусі, у якой літоўскі дэпутат Лаўрынас Касчунас заклікаў Менск, акрамя іншага, рэабілітаваць палітвязняў, рэфармаваць выбарчую сістэму, увесці мараторый на смяротнае пакаранне і забяспечыць празрыстасць будаўніцтва БелАЭС. На сустрэчы гучала зусім іншая рыторыка.

«Менск даўно стаўся пляцоўкаю, на якой збіраюцца важныя форумы, абмяркоўваюцца пытанні пабудовы свету. Мы ўжо бачым Беларусь не толькі як мост паміж Усходам і Захадам, але і паміж рознымі дзяржавамі, то бок, гэта ўжо важная міжнародная пляцоўка», – выказаў пазіцыю АБСЕ старшыня арганізацыі Крыстынэ Мутанэн.

Беларусь – дэмакратычная краіна, якая клапоціцца аб правах чалавека

Каб ні ў кога не засталося сумневаў у тым, што Беларусь дэмакратычная краіна, Лукашэнка абвесціў дэлегатам Асамблеі, што ў краіне няма праблемы са свабодаю СМІ, нагадаў, што ўлады распрацавалі першы ў гісторыі незалежнай Беларусі Нацыянальны план аб правах чалавека, развязалі праблему беднасці, а ў будучыні прыйдуць і да развязання пытання смяротнага пакарання.

Першы дзень Асамблеі адзначыўся і скандалам

Кіраўнік расейскай дэлегацыі Пётр Талстой назваў Украіну дзяржаваю без суверэнітэту, а ўкраінскую дэлегацыю – людзьмі, выбранымі на частцы тэрыторыі. Але наўрад ці нават такія выпады палітыкаў з саюзнай дзяржавы змогуць азмрочыць трыумф афіцыйнага Менску і кінуць цень на рэпутацыю гаспадароў 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі.

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары