«Гэта спроба падцягнуцца на ўзровень Бі-Бі-Сі». «Белсат» запускае новы праект


У суботу, 14 кастрычніка, а 21.15. на «Белсаце» адбудзецца прэм’ера новага аўтарскага ток-шоў Эдуарда Мельнікава «Рапарт».

Ток-шоў будзе выходзіць двойчы на месяц, кожны выпуск – працягласцю 40-45 хвілінаў.

Тэма першай праграмы – абаронная палітыка Беларусі ў кантэксце нядаўніх беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2017», цяперашні стан войску і стаўленне да яго грамадства.

Belsat.eu пагутарыў з аўтарам і вядоўцам «Рапарту» Эдуардам Мельнікавым і даведаўся ў чым асаблівасці новага праекту.

– Базавыя публіцыстычныя адметнасці, якія былі ў «Форуме», застаюцца: вострая тэма, глыбокая яе распрацоўка, цікавыя ўдзельнікі, – распавядае Эдуард Мельнікаў у інтэрв’ю belsat.eu, – Я думаю, што сёння глядач мае патрэбу не толькі ў эксклюзіўнай інфармацыі, але і ў магчымасці яе асэнсавання – як інтэлектуальным, так і эмацыйным. Таму «Рапарт» будзе будавацца на распрацоўцы актуальных беларускіх праблемаў у вобразна-эмацыйнай форме, якая б тлумачыла не толькі фактычную аснову, але і гуманітарны, чалавечы аспект.

Па-другое, у «Рапарту» будзе больш актыўная прамоцыя ў сеціве, бо сёння нават традыцыйнае тэлебачанне ўсе больш сыходзіць у сеціва. У сацыяльных сетках будуць выкладацца асобныя фрагменты, эпізоды гэтай праграмы. Магчыма ў далейшым з’явіцца блог аўтара праграмы, каб мець больш трывалую зваротную сувязь з гледачам, а галоўнае каб мець дапамогу ад нашай аўдыторыі ў выглядзе новых тэмаў і герояў.

– На якіх тэмах вы збіраецеся рабіць акцэнт? Ці есць нейкія прыярытэты ці абмежаванні?

– Абмежаванняў не будзе аніякіх. У цэнтры нашай праграмы будзе Беларусь і Беларусь, але Беларусь як краіна еўрапейская. Праблемы будуць разглядацца шырокія, якія маюць значэння не толькі для беларусаў, але і для краін-суседзяў і Еўропы ў цэлым. Мы мусім паказаць, што Беларусі трэба развівацца ў рэчышчы еўрапейскай цывілізацыі і зразумець, што для гэтага трэба. «Рапарт» – гэта аналітычная праграма.

– Хто можа стаць вашым экспертам: выключна адмыслоўцы або любы чалавек з цікавым меркаваннем, цікавымі думкамі?

– Кожны чалавек – гэта адмыслоўца. Ці ў сваёй прафесіі, ці ў сваім ладзе жыцця, ці ў тым рэгіёне, якім ён жыве. Таму калі чалавек валодае цікавай інфармацыяй, цікавымі звесткамі, цікавым поглядам, то ён для нас пажаданая фігура.

– На якія аналагі ў сусветным тэлебачанні, у сусветнай журналістыцы вы арыентуецеся, робячы гэты праект?

– Я ведаю некалькі выдатных аўтарскіх ток-шоў на Бі-бі-сі. Бі-бі-сі для мяне заўсёды было ўзорам грамадскага вяшчання, якое служыць сапраўдным гуманітарным каштоўнасцям чалавека і нацыі наагул. Я разумею, што мне да гэтага далёка як да Месяца, але трэба да гэтага імкнуцца. «Рапарт» Мельнікава – гэта спроба падцягнуцца на ўзровень такіх сусветна вядомых каналаў як Бі-бі-сі. Для мяне асабіста – гэта ўзор.

 

Гутарыў Ігар Ільяш

Глядзі таксама
Каментары