«Гэта прынцыповае пытанне». Украіна гатовая ўвесці санкцыі супраць беларускіх кампаній за гандаль з «ЛДНР»


Амбасадар Украіны Ігар Кізім заявіў, што калі інфармацыя з расследавання «Белсату» наконт гандлю Беларусі з «ЛДНР» пацвердзіцца, то беларускія прадпрыемствы трапяць у «чорны спіс» ва Украіне. Украінскія і беларускія эксперты лічаць, што афіцыйны Кіеў сапраўды гатовы пайсці на гэты крок.

Ігар Кізім у інтэрвю БелаПАН заявіў, што супраць беларускіх прадпрыемстваў, якія наўпрост пастаўляюць сваю прадукцыю баевікам у «ДНР» і «ЛНР» будуць уведзены санкцыі і яны не змогуць пастаўляць сваю прадукцыю ва Украіну. Амбасадар дадаў, што афіцыйны Кіеў пастараецца, каб гэтыя санкцыі былі падтрыманы і Еўразвязам.

Нагадаем, як стала вядома з расследавання «Белсату», прадукцыя дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў трапляе да сепаратыстаў праз расейска-украінскую мяжу, якая не кантралюецца афіцыйным Кіевам. Шэраг прадпрыемстваў нават не хаваюць, што гаворка ідзе пра наўпроставыя пастаўкі ў Данецк і Луганск. Беларускія заводы вырабляюць піва і гарэлку пад гандлёвымі маркамі кампаніяў з «ДНР», уладальнікаў якіх ва Украіне падазраюць у фінансаванні тэрарызму.

Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка. Фота – inshe.tv

«Я лічу, што верагоднасць увядзення санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць незаконны гандаль з сепаратыстамі, вельмі вялікая, – кажа ў інтэрвю «Белсату» кіеўскі палітолаг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімір Фясенка, – Беларусы павінны разумець, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра нейкі несяброўскі акт у адносінах да Беларусі. Проста гэта прынцыповае пытанне. Украіна выступае за развіццё сяброўскіх стасункаў з Беларуссю, але ёсць пытанні, па якіх пазіцыя вельмі жорсткая. Гэта і сігнал усім астатнім: ёсць «чырвоная лінія». Калі беларускія прадпрыемствы хочуць працаваць на ўкраінскім рынку, то яны мусяць зрабіць выбар – або вы працуеце з Украінай, або вы працуеце з сепаратысцкімі рэспублікамі».

Фясенка не ведае, наколькі інфармаваным быў афіцыйны Кіеў пра гандаль Беларусі з «ЛДНР» да выхаду расследавання «Белсату», але ўпэўнены, што публікацыя гэтых фактаў падштурхне ўкраінскія ўлады да рашучых крокаў.

«Дзяржаўныя органы вельмі часта працуюць па бюракратычным прынцыпе. Магчыма, нейкая інфармацыя да іх трапляла, але пакуль не было рэзанансу адпаведныя дзеянні не прадпрымаліся, чыноўнікі не хацелі браць на сябе адказнасць за канкрэтную ініцыятыву – а раптам гэта можа нашкодзіць двухбаковым адносінам. Думаю, тут не было палітычнай матывацыі – працавала простая бюракратычная логіка «як бы чаго не выйшла». А паколькі цяпер інфармацыя агучана публічна, то трэба рэагаваць», – мяркуе эксперт.

Беларускі палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў лічыць, што ўкраінскія санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў – гэта цалкам рэальна. Але адначасова адзначае, што афіцыйны Кіеў можа і ўхіліцца ад гэтага кроку.

«Калі б там было нешта больш крымінальнае з пункту гледжання Украіны, калі б гаворка ішла пра нейкія стратэгічныя рэсурсы, то тады б санкцыі былі абавязкова. А наконт прадуктаў харчавання ўсё ж ёсць сумневы, бо там жа таксама жывуць грамадзяне Украіны. Што тычацца санкцыяў Еўразвязу, то такі сцэнар выглядае вельмі малаверагодна. Я не чуў такіх прэцэдэнтаў адносна іншых краінаў», – адзначыў ён.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў