«Гэта поўнае фіяска». Вынеслі прысуд па справе Нямцова. Замоўцы невядомыя


У Маскве прагучаў прысуд Зауру Дадаеву, які паводле версіі следства 27 лютага 2015 года забіў палітыка Барыса Нямцова на Вялікім Маскварэцкім мосце. Саўдзельнікі злачынства атрымалі ад 14-ці да 19-ці гадоў пазбаўлення волі. Не выявіў суд спагады і да Хамзата Бахаева. Ці даказаная ягоная віна, сумняваліся нават адвакаты сямʼі Нямцова.

Жонка Бахаева плакала ў зале суда. Тамерлан Эскерханаў, якога асудзілі на 14 гадоў турмы, на запацелым акне «акварыуму» напісаў: «Хлусня». Пракурорка патрабавала для пецярых падсудных чачэнцаў большыя тэрміны, чым у выніку пастанавіў суд.

Паплечнікі Нямцова чакалі, што суд пагодзіцца з пракурорам і прысудзіць былому байцу чачэнскага батальёну «Поўнач», які застрэліў Нямцова, максімальнае пакаранне.

«Што такое дваццаць гадоў за жыццё чалавека? Вядома, Дадаеў заслугоўвае пажыццёвага пазбаўлення волі. Як і замоўцы забойства – тыя, што засталіся на волі», – абурыўся палітык Ілля Яшын.

Асуджаныя заявілі пра невінаватасць

А вось фігуранты справы пасля абвяшчэння прысуду заявілі суддзі, што ім не зразумелі, за што ім далі такія вялікія тэрміны. Напярэдадні яны выступалі ў судзе з апошнімі словамі ды заяўлялі аб сваёй поўнай невінаватасці.

«Абвінавачанне галаслоўна, ілжыва абвінаваціла ўсіх нас, і аднаго забілі. І пасля гэтага хочуць прадставіць усяму свету, што мы нібыта арганізаваная група, здзейснілі гэтае злачынства. Мы не забівалі гэтага чалавека», – даводзіў яшчэ падсудны Заур Дадаеў.

Адвакаты асуджаных заявілі, што будуць абскарджваць неабгрунтаваны, на іхную думку, прысуд у Вярхоўным Судзе і ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека. Прысуд выносіўся пад палітычным ціскам Крамля, лічаць яны.

Несправядлівым рашэнне суда лічаць і сваякі асуджаных

«Калі б Заур Дадаеў гэта зрабіў, я б ніколі сюды не прыехаў і перад медыямі… Мой брат чысты, сумленны і выключна мужны чалавек», – заявіў брат Дадаева.

Адвакаты сямʼі Нямцова мяркуюць, што частка асуджаных датычная да забойства палітыка. Яны прасілі суд больш уважліва паставіцца да лёсу Бахаева. Але галоўная недасканаласць сённяшняга прысуду, на думку адвакатаў, у іншым.

«У самым гучным палітычным забойстве дваццаць першага стагоддзя за два з лішкам гады пры ўсёй моцы расейскіх пуцінскіх спецслужбаў гэтак і не ўстаноўленыя ані арганізатары, ані замоўцы. Гэта, вядома, поўнае фіяска», – падсумаваў выніку працэсу Вадзім Прохараў, адвакат сям’і Нямцова.

Адвакаты Нямцовых спадзяюцца, што арганізатары і замоўцы забойства таксама апынуцца на лаве падсудных і атрымаюць большыя тэрміны, чым выканаўцы злачынства. А сляды, на іхную думку, вядуць як мінімум да бліжэйшага атачэння Рамзана Кадырава. Пра тое, што замоўцы мусяць быць устаноўленыя, заявілі таксама ў Крамлі.

Юлія Лабанава, Маша Макарава, «Белсат», фота: Валер Шарыфулін / ТАСС

Стужка навінаў