«Гэта не нагода валіць з хворай галавы на здаровую»: МЗС Беларусі адказаў Кіеву


Украінскага дыпламата Валерыя Джыгуна выклікалі ў МЗС Беларусі, каб давесці «бесперспектыўнасць пагрозаў і непрымальнасць выказванняў», якія прагучалі ўчора з вуснаў намесніка кіраўніка МЗС Украіны Алены Зеркаль. Пра гэта падчас брыфінгу паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Зеркаль заявіла, што Беларусь паводзіць сябе са сваёй суседкай не па-партнёрску, каментуючы нядаўняе знікненне ўкраінскага хлопца ў Гомлі.

«Дакладна не па-партнёрску праз содні пасля афіцыйнай просьбы аб дапамозе вінаваціць у чым-кольвек краіну, якая без яе ведама была абраная месцам ці то рамантычнага спаткання, ці то канспірацыйнай сустрэчы», – сказаў прэс-сакратар МЗС.

«Людзі, на жаль, знікаюць з самых розных прычынаў – па ўласнай волі ці з прычыны глупства, і ў выніку зламысных дзеянняў трэціх сілаў. Калі за 19-гадовым маладым чалавекам не ўсачылі ягоныя бацькі і ўлады ўласнай краіны, то гэта яшчэ не падстава валіць з хворай галавы на здаровую», – заявіў Мірончык.

Нагадаем, што 19-гадовы грамадзянін Украіны Павел Грыб паехаў у Беларусь 24 жніўня. Ён прыехаў у Гомель, дзе паводле сваякоў, хлопца выкралі расейскія спецслужбы.

31 жніўня ў Будапэшце кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін абмяркуе справу зніклага ўкраінца з кіраўніком беларускага дыпведамства Уладзімірам Макеем.

ЮВ, belsat.eu, паводле mfa.gov.by

Стужка навінаў