«Гэта мы – ацалелыя!» Як карэнны сібірскі народ хоча паўстрымаць Маскву


Маскоўскія ўлады пачалі раздаваць «бясплатныя гектары» на Далёкім Усходзе, але нечакана сутыкнуліся з супрацівам. «Не раздачы нашых земляў» – пад такім лозунгам у Якуцку, сталіцы Рэспублікі Саха, няледзячы на мароз, людзі праводзяць пікеты. А ўсё – праз закон пра «далёкаўсходні гектар». Ад 1 траўня 2016 году любы грамадзянін РФ зможа атрымаць зямлю на Далёкім Усходзе, а праз 5 гадоў аформіць яе як уласнасць.

Фота з сайту http://bloknot-yakutsk.ru/
Мітынг супраць закону пра «далёкаўсходні гектар». Фота з сайту bloknot-yakutsk.ru

Крэмль кажа пра неабходнасць сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Далёкага Усходу, а людзі – супраць. Карэнныя Саха лічаць, што іхныя інтарэсы ды правы праігнаравалі.

Чым новы закон абурыў сібірскі народ, і адкуль у яго адвага сказаць Маскве «не» – распавядае навукоўца з Рэспублікі Саха (Якуція). Суразмоўца не назваў свайго імя праз магчымыя пераследы з боку ўладаў.

Гэта спроба выбіць зямлю з-пад ног

Для нас гэты закон – чарговая хваля «нью-імперыяльнай» палітыкі з мэтаю засяліць ды асвоіць больш вялікія тэрыторыі.

Паводле гэтай палітыкі Рэспубліку Саха (Якуцію), што традыцыйна адносілася да Сібірскай федэральнай акругі, папярэдне далучылі да Далёкаўсходняй, каб нашыя землі таксама папалі пад раздачу.

Гэта чарговая спроба змяніць нашую ідэнтычнасць ды выбіць зямлю з-пад ног.

Фота з Wikipedia
Фота з Wikipedia

Людзі прыедуць, атрымаюць ільготы ды вярнуцца назад. А мы, карэнныя жыхары, будзем мець падвойную нагрузку, моўчкі ім дапамагаючы. Будзем дзяліцца ежаю, адзеннем, дахам, ратуючы іх ад гібелі ў суворых паўночных умовах прыроды.

Тыя пазней распавядуць байкі пра нас як пра нейкіх дзікуноў. Паверце, нас вельмі раздражняюць такога кшталту «вандроўнікі».

Гэта каланіяльны падыход, які ўжо не спрацоўвае ў 21 стагоддзі.

На Поўначы нявыгадна ваяваць

Каланізацыя нашых земляў, што пачалася ў XVI стагоддзі, нагадвае каланізацыю ў Паўночнай Амерыцы. Якуты (арыгінальная назва народу – Саха), падобна індзейцам, лічылі, што яны заключаюць дамовы з прышлымі. Хаця расейская каланіяльная палітыка была больш гуманнаю, калі можна так сказаць.

Якуцкая мова мела статус «лінгва франка» да сярэдзіны 19 стагоддзя. Яе вучылі і іншыя карэнныя народы, і рускія, што прыязджалі. А мы, у сваю чаргу, дамаўляліся і з тымі, і з другімі, забяспечвалі правіянт ды транспарт. Толькі дзякуючы нам рускія так хутка і так далёка прасунуліся на Поўнач.

Мы заўсёды імкнуліся дамаўляцца, а не ваяваць. Гэта ў нас у крыві, у традыцыі, у культуры. На поўначы нявыгадна ваяваць. Там прырода вырашае, каму жыць, а каму – не. Яе нельга перамагчы, як да гэтага заўсёды імкнуўся белы чалавек. Прырода – наш галоўны бог і нашая святыня.

А тата грукаў кулаком: «Удома размаўляць толькі па-якуцку»

Паўстанні, мітынгі ды пікеты таксама зазнала нашая гісторыя, толькі пра гэта ніхто не кажа. Найбольш крывавы перыяд, бадай, 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя: прыход бальшавікоў, калектывізацыя, Савецкі Саюз, братазабойчыя войны за ўладу, за праўду, за ідэнтычнасць. Але гэтую памяць мы згубілі. Усіх сведак рэпрэсавалі.

Праз рэпрэсіі ўсе нашыя нацыянальныя традыцыі сышлі глыбока ў сямʼю. Мне пашчасціла нарадзіцца ў сямʼі з такім традыцыйным выхаваннем.

У 80-ыя гады мой тата, маючы вышэйшую ленінградскую адукацыю, заняў высокую пасаду ў Міністэрстве.

Пераехаўшы з вёскі ў сталіцу, я пачуўся чужынцам сярод гарадскіх дзяцей праз маю якуцкую мову. Усе навокал гаварылі па-расейску. Тата жа настаяў, каб я вучыўся ў школе з якуцкай моваю, якіх у сталіцы было ўсяго дзве. Я не разумеў, навошта: усе якуты  навокал хацелі стаць рускімі. А тата грукаў кулаком па стале: «Удома размаўляць толькі па-якуцку!» Цяпер я яму за гэта ўдзячны.

Сёння сітуацыя з нацыянальнай мовай і культурай значна палепшылася: сталіца ўжо цалкам якуцкая, аднаўляюцца нашыя традыцыйныя святы, ва ўніверсітэтах якуцкая філалогія працуе напоўніцу. У адрозненні ад іншых нацыянальных рэгіёнаў, мы маем лепшую сітуацыю, але перад намі яшчэ доўгі шлях.

Якуцкі Чарнобыль

Я паходжу з Заходняй Якуціі, з рэгіёну, што цягнецца ўздоўж ракі Вілюй. У 50-ыя гады там знайшлі ўран, спадарожнік алмаза. Пачалася здабыча. Намётавы гарадок геолагаў ператварыўся ў горад Мірны – алмазную «сталіцу» Расеі. Кімберлітавая трубка «Мір», дзе праводзілі здабычу, сталася адною з найбуйнейшых экалагічных катастрофаў на зямлі.

Кімберлітавая трубка «Мір» – адна з найбуйнейшых катастрофаў у свеце. Фота Wikipedia
Кімберлітавая трубка «Мір» – адна з найбуйнейшых катастрофаў у свеце. Фота Wikipedia

Мае бабуля з дзядулям жылі побач з рэчкаю Вілюй, да якой мясцовыя Саха паважліва звяртаюцца Эбэ (Бабуля). Мы ўсе вакацыі бавілі на гэтай рэчцы, а на ёй неўзабаве пабудавалі Вілюйскую ГЭС.

На нашых вачох наш Вілюй, раней суднаходны, абмялеў. Памятаю, як мы хадзілі з ватова-марлевымі павязкамі: нам казалі, што, ідуць вучэнні па грамадзянскай абароне, а насамрэч праводзілі выбухі.

У 90-ыя афіцыйна прызналі, што падчас здабычы алмазаў выкарыстоўвалі атам. У нашай рацэ, з якой мы пілі ваду, адмывалі камяні. У выніку – ува ўсіх анкалогія, праблемы з апорна-рухальным апаратам, шчытападобнай залозаю, зубамі, валасамі.

Нядаўна намагаліся пабудаваць завод на нашай святой рацэ Лене, але грамадскасць пікетамі дамаглася закрыцця гэтага праекту.

Якуцкі Оскар для ДыКапрыё – гэта маніпуляцыя.

Калі зноўку параўнаць каланізацыі паўночных народаў і індзейцаў, трэба аддаць належнае амерыканцам. Яны, у адрозненне ад расейцаў, прызналі сваю віну перад індзейцамі за факты іхнага знішчэння і асіміляцыі. Амерыканцы ўсё часцей пра гэта гавораць.

Прыкладам таму фільм «Ацалелы» (The Revenant) з Леанарда ДыКапрыё. У фільме паказаная помста белага героя за смерць сына ад індыянкі. Досыць банальны сюжэт, як на мой густ, але пасля атрымання Залатога Глобусу ДыКапрыё і заявіў, «што ён падзяляе свой прыз з усімі карэнным народамі ў свеце».

Пэўная група нашых дзеўчын вырашыла скарыстацца сітуацыяй і таксама заявіць пра карэнныя народы Поўначы. Пакуль інтэрнаўты абмяркоўвалі і рабілі стаўкі, ці атрымае Леанарда Оскара, Саха прыдумалі сваю ўзнагароду для яго – якуцкі Оскар. Пачаўся збор ювелірных упрыгожванняў, каб выплавіць статуэтку.

З аднаго боку – гэта жарт, з другога – якуцкі Оскар прыдумалі людзі з медыяў, якія ведаюць, як рабіць сенсацыі ды выходзіць на сусветны ўзровень. Гэта глабальны спосаб хутка заявіць пра сябе.

Але не ўсе ў нас добра прынялі гэтую ідэю. Якуцкія нацыянальныя ювелірныя ўпрыгожванні, што пайшлі на Оскар, – наш гонар, элемент нашай ідэнтычнасці, а з яго зрабілі шоу. Грамадскасць падзялілася: частка выступіла супраць маніпуляцыі традыцыйнымі сімваламі.

Нацыянальныя якуцкія ўпрыгожванні. Фота: Айар Варламаў/YakutiaPhoto.com
Нацыянальныя якуцкія ўпрыгожванні.
Фота: Айар Варламаў/YakutiaPhoto.com

Нягледзячы на спорную сітуацыю, народны Оскар дасягнуў свайго адрасата. Актор у інстаграме напісаў словы ўдзячнасці якуцкаму народу. Свет гэтую пілюлю прыглынуў.

Гэта мы – «ацалелыя»

Першыя якуцкія ідэолагі даўно нам патлумачылі, каб захаваць сваю культуру і этнас, лепш свядома абраць саюз з рускімі, чым з японцамі, кітайцамі, альбо манголамі, якія тэрытарыяльна знаходзяцца побач. Яны бы нас проста праглынулі. Мы разумеем, што гэта стратэгічна правільна.

Праз вялікую розніцу культур з чужынцамі, што прыйшлі да нас, мы не страцілі галоўнага – свайго жывога кампаненту, а шматлікія выпрабаванні прывілі нам гнуткасць да жыцця, прыстасавальнасць. Нас мала (менш за паўмільёна), але мы засталіся на сваіх землях, захавалі сваю ідэнтычнасць, культуру і робім усё, каб гэта абараніць. Гэта мы – «ацалелыя», і мы можам сабе дазволіць размаўляць з цэнтрам на адным узроўні.

Масква павінна лічыцца з карэннымі народамі. Яна мусіць прыслухацца да дэманстрантаў з якуцкай плошчы і правесці рэферэндум пра выключэнне Рэспублікі Саха (Якуціі) з-пад дзеяння «далёкаўсходняга гектару». Спадзяемся, што так і будзе.

Размаўляла Таццяна Пеляса, belsat.eu[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row][vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў