«Гэта фірмовы знак Лукашэнкі». Менск узбройвае ворага свайго саюзніка


Беларусь пашырае вайсковую супрацу з Азербайджанам. З гэтым можа не пагадзіцца Арменія – хаўруснік Беларусі з АДКБ і праціўнік Азербайджану ў карабахскім канфлікце.

Год таму Лукашэнка атрымаў з рук Ільхама Аліева найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Азербайджану.

«І вось павер мне, я гэта цаню, я адпрацую», – сказаў тады свайму азербайджанскаму калегу Лукашэнка, але як гэта зробіць – не ўдакладніў.

Падказку дае апошні візіт у Менск міністра абароны Азербайджану Закіра Гасанава. Падчас перамоваў бакі дамовіліся пашырыць супрацу ў вайскова-тэхнічнай галіне.

«Не хачу ні перад кім апраўдвацца, які характар носіць нашая супраца. Хачу толькі сказаць, што нашыя адносіны не парушаюць ніводную міжнародную дамову», – сказаў Лукашэнка.

Гэтыя словы могуць быць скіраваныя на адрас крытыкаў супрацы з Баку, што ў стане канфрантацыі з Ерэванам праз Нагорны Карабах.

У 1991-ым годзе рэгіён, населены пераважна армянамі, абвесціў пра выхад з Азербайджану. Канфлікт перарос у вайну, у выніку якой Арменія ўсталявала кантроль над тэрыторыяй. Але Баку ўсцяж называе Нагорны Карабах сваім. Летась увесну ў рэгіёне нечакана пачалася эскалацыя. За тры дні баявых дзеянняў загінулі прыблізна 100 чалавек.

«Тэарэтычна магчымыя далейшыя эскалацыі канфлікту, якія здараюцца там час ад часу. Красавіцкая была самая буйная. Але яны адбываюцца ўвесь час і могуць працягвацца. На жаль, палітычных інструментаў, каб спыніць гвалт, не стае», – заяўляе дырэктар Інстытуту Каўказу (Ерэван) Аляксандр Іскандаран.

Такім інструментам нельга назваць і арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы, да якой далучаныя Беларусь ды Арменія, і з якой у 99-ым годзе выйшаў Азербайджан. Акурат у гэтыя дні АДКБ ладзіць супольныя вучэнні пад назваю «Баявое братэрства».

Дэ-факта Менск пастаўляе зброю праціўніку свайго хаўрусніка. Але не толькі Менск.

«Найбуйнейшы дастаўца зброі ў Азербайджан – сама Расея. Прычым яна пастаўляе найбольш сучаснае ўзбраенне, якога ў Беларусі няма. Гэта і танкі Т-90, гэта рэактыўныя сістэмы залпу агню «Смерч» і гэтак далей», – кажа вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Адначасова Расея пастаўляе зброю і Арменіі. Летась Масква размясціла там свае ракетныя комплексы «Іскандэр-Э».

Эксперты мяркуюць, што ў Менску міністр абароны Азербайджану можа шукаць узбраення ў супрацьвагу армянскаму.

«Зараз, думаю, гаворка ідзе перадусім пра перадавое ўзбраенне. Гэта і працяг удасканалення сістэмаў СПА. І думаю, што гэта магчымыя пастаўкі рэактыўнай сістэмы «Паланэз». У азербайджанскіх медыях ёсць такі фотаздымак: міністр абароны Азербайджана на фоне сістэмы «Паланэз». Гэта пра штосьці кажа», – дадае Алесін.

Ракеты комплексу «Паланэз» сягаюць трохсот кіламетраў. З улікам таго, што ад армянска-азербайджанскае мяжы да Ерэвану – амаль 100 кіламетраў, наяўнасць такой зброі можа зрабіцца палітычным адказам на расейскія «Іскандэры», якія сягаюць такога ж радыусу.

«Гэта не настолькі сур’ёзная пастаўка, яна не дэстабілізуе сітуацыю рэгіёне. І агулам можна нават убачыць нейкі элемент узнаўлення балансу ў рэгіёне пасля таго, як Арменія атрымала «Іскандэры» з Расеі», – кажа Вадзім Казюлін, дырэктар праекту ў азіяцкай бяспецы з маскоўскага «ПІР-Цэнтру».

Эксперт не выключае, што Расея і Беларусь могуць свядома падзяляць ролі ў вайсковых пастаўках:

«Нярэдка так складваецца, што ў выпадку канфлікту дзесьці ў свеце Расея пастаўляе зброю аднаму боку, а Беларусь – другому».

Пытанне ў мэтах. Пуцін перадусім шукае палітычных дывідэндаў, у той час як Лукашэнка скіраваны на эканамічную выгоду. А ў гэтым плане Азербайджан мае што запрапанаваць.

«Галоўнае, усё-такі, для чаго Беларусь пастаўляе ўзбраенне, гэта для таго, каб наладзіць адносіны ў іншых галінах. Напрыклад, у энергетычнай галіне. Азербайджан – буйны пастаўшчык нафты. Мы б хацелі атрымліваць нафту для нашай нафтаперапрацоўкі», – лічыць Аляксандр Алесін.

Спробы саскочыць з расейскай энергетычнай іголкі могуць не падабацца Маскве. У 2010-ым годзе Ільхам Аліеў ужо прыходзіў на дапамогу Лукашэнку ў расейска-беларускім канфлікце, калі той не мог расплаціцца з «Газпромам». Тады Аліеў пазычыў беларускаму кіраўніку 200 мільёнаў долараў.

«Палітыка Беларусі надзвычай транзакцыйная. І дачыненні з аднымі краінамі могуць прыносіцца ў ахвяры стасункам з іншымі краінамі, а пасля трэцім. Гэта фірмовы знак палітыкі спадара Лукашэнкі ўжо не першы год», – заяўляе Аляксандр Іскандаран.

Пра гэта ведаюць і ў Арменіі, і ў Расеі. Што не перашкаджае лідарам, якія разам з Лукашэнкам уваходзяць у АДКБ і ЕАЭС, рабіць добрую міну пры кепскай гульні. У сераду на паседжанні Найвышэйшай еўразійскай эканамічнай рады Саргсьян, Лукашэнка і Пуцін стаялі плячо ў плячо. Але толькі на момант супольнага здымка.

Сюжэт Вольгі Жарнасек і Змітра Міцкевіча выйшаў у выданні «ПраСвету» 13 кастрычніка

Іншыя тэмы праграмы:

  • Што не падабаецца ў Беларусі міс свету на вазку?
  • Ці паедзе Лукашэнка ў Брусель?
  • «Гэта верхавіна айсберга». Пра дэпартацыю расейскага агента ўплыву з Польшчы
  • Як Расея б’е па Украіне праз Еўропу?
  • Апошні іспанскі дэдлайн

Фота вокладкі на старонцы belsat.eu – Аляксандр Мірыдонаў/«Коммерсантъ»

Стужка навінаў