«Гэта ДТЗ». На абаронцаў Котаўкі наехаў трактар

video

Нягледзячы на пратэсты, раніцай 7 снежня ў менскім скверы Котаўка працягнулася высечка дрэваў.

Працаўнікі «Зеленстрою» з’явіліся ў Котаўцы яшчэ ў прыцемках. Жыхары з наваколля, якія бароняць сквер, былі вымушаныя пільна прыбегчы сюды.

«Я адвяла дзіця ў садок і адразу прыйшла сюды. Што прымушае валіць дрэвы ў цёмны час содняў? У нас што – надзвычайнае становішча?, – пытаецца іншая абаронца скверу. – Яны парушаюць тэхніку бяспекі і абароны працы».

Да прыходу людзей і актывістаў працаўнікі «Зелянбуду Савецкага раёну» паспелі ссекчы два дрэвы. Калі актывісты пачалі перашкаджаць пілаваць наступныя, зялёнбудаўцы выклікалі міліцыю.

Актывістам паказалі дакументы на высечку, але яны лічаць, што высечка дрэў незаконная, паколькі не падведзеныя вынікі грамадскага абмеркавання плана забудовы Сяльгаспасёлку, у якім размешчаны сквер.

Падчас блакавання праезду спецтэхнікі на аднаго з актывістаў наехаў трактар.

«Гэта называецца ДТЗ», – кваліфікаваў здарэнне пацярпелы.

У Котаўку была выкліканая хуткая дапамога.

«Варвары з бензапіламі здзейснілі чарговы набег на наш сквер. Атака адбітая. Котаўка параненая, але жыве», – напісаў у групе «Котаўка, жыві» у «Фэйсбуку» Віктар Ігаравіч.

Патрабаванні жыхароў і актывістаў да ўладаў – ранейшыя: адмовіцца ад будаўніцтва ў скверы якіх-кольвек абʼектаў і добраўпарадкаваць сквер.

Дазвол на правядзенне будаўніча-мантажных працаў у скверы Котаўка «Рымска-каталіцкая парафія святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазенод» атрымала ў кастрычніку.

Высечка дрэваў у скверы для будаўніцтва касцёла пад ціскам грамадскасці і эколагаў была прыпыненая на час вясновага гнездавання птушак. Мясцовыя жыхары і эколагі ўпэўненыя, што будаўніцтва касцёла ў скверы – парушэнне палажэнняў рэгламенту генплана: Котаўка – зялёная зона, і згодна з рэгламентам генеральнага плана і плана дэталёвага планавання сталіцы, яна не можа забудоўвацца.

Цяпер у скверы знаходзяцца дзясятка мясцовых жыхароў і актывісты экалагічнага таварыства «Зялёная сетка», якія не даюць камунальнікам працягнуць працу.

ДД, фота і відэа: «Зялёная сетка», «Фэйсбук»

Глядзі таксама
Каментары