«Гэта для нас працоўная сіла». Як украінскія ўцекачы жывуць у беларускай вёсцы?


«Белсат» пабываў у гасцях у сям’і Казусёнкаў з Шахцёрску Данецкай вобласці, што пасяліліся ў вёсцы Масты Бабруйскага раёну.

«У адным доме жывем, другі рамантуем»

Па спакойнае жыццё без абстрэлаў і бамбёжак у вёску Масты пад Бабруйскам прыехалі з Украіны пяць сем’яў. Мясцовы сельсавет радуецца – і жыхароў, і працаўнікоў цяпер стала больш. А як пачуваюць сябе ў Беларусі самі ўцекачы? Як збіраюцца будаваць тут сваё жыццё і ці плануюць вяртацца на радзіму?

Сяргей і Вольга Казусёнкі прыехалі на Бабруйшчыну напрыканцы ліпеня. Сям’я атрымала ў Мастах кватэру ў двухпавярховым дамку, пабудаваным каля 20 год таму для перасяленцаў з чарнобыльскіх земляў.

Доўгі час значная частка дому пуставала. Папярэднія гаспадары, відаць, ахайнасцю не адзначаліся, бо звонку дом патрабуе рамонту. А тут яшчэ і вялікая калюжына ў двары – пацякла каналізацыя. Новы гаспадар кватэры Сяргей трохі прыгнечаны гэтым, але кажа, што гэта можна направіць, і зычліва запрашае ў дом.

Што ў доме доўгі час ніхто не жыў, таксама выразна відаць. Шмат дзе ад сцен адыходзяць шпалеры. Асвятляюць пакоі так званыя «лямпачкі Ілліча».

«Паглядзім, як гэты дом пакажа сябе ўзімку», – непакоіцца Сяргей, і распавядае, што ў суседні дом яшчэ адна сям’я пакуль не можа засяліцца, бо там акурат праблемы з ацяпленнем. Таму цяпер дзве сям’і жывуць разам у іншай вёсцы, і, прыязджаючы адтуль, талакой прыводзяць у парадак абодва дамы.

[vc_single_image image=”346761″ img_size=”large”]

«Пайшлі з дачкой на рынак, і ўцякалі адтуль, бо побач пачалі страляць»

Уцякаючы з Украіны, сям’я нездарма выбрала Бабруйшчыну. Аказваецца, Сяргей нарадзіўся ў Бабруйскім раёне. Але, калі яму быў усяго адзін год, ягоныя бацькі паехалі жыць і працаваць у Шахцёрск. Родных у Сяргея ў Бабруйску не засталося. Ёсць далёкія, але ўсё ж, сваякі. Таму пытанне «куды ехаць з Украіны» не стаяла.

«Амаль каля дому пачалі страляць, – Вольга ўзгадвае дзень ад’езду з Украіны. – Мы і раней чулі, што страляюць, але далёка, мы не надавалі гэтаму значэння, не верылася, што гэта да нас дойдзе. А ў той дзень мы пайшлі з дачкой на рынак, але ў выніку нічога там не купілі, толькі валізкі для рэчаў, і хутчэй да дому беглі, бо проста за рынкам ужо стралялі. Паехалі з трыма валізкамі. Пакінулі там дом…».

[vc_single_image image=”346762″ img_size=”large”]

«Беларускага заробку пакуль толькі чакаем»

Вайна падштурхнула да пераезду, які абдумваўся цягам трох гадоў. Сям’ю не задавальнялі заробкі. Вольга працавала прадавачкай і зарабляла каля 1,5 тыс. грыўняў у месяц. Такі ж заробак меў і Сяргей, электрык, а апошнім часам – нават і меншы, 800 грыўняў.

«А тут як зарабляеце?» – пытаемся. «А тут заробку пакуль толькі чакаем», – пасміхаецца Сяргей. Яго прынялі электрыкам на «Агракамбінат «Бабруйскі». Але калі пачне працаваць і зарабляць, мужчына не ведае, і нават не можа спрагназаваць, якім будзе ягоны заробак.

Вольга таксама пакуль не працуе – чакае, калі міграцыйная служба канчаткова аформіць ёй дакументы. Сужэнцы адзначаюць, што гэта вельмі складаная працэдура, шмат бюракратыі. Адзін медагляд у Сяргея заняў амаль тры тыдні.

Дзеці спадароў Казусёнкаў ужо з верасня навучаюцца: 17-гадовая Таццяна вучыцца на швачку ў каледжы ў Бабруйску, 8-гадовы сын Дзіма пайшоў у 3-і клас у Глушанскую школу.

«З чаго жывем увесь гэты час на бабруйскай зямлі? – кажа Сяргей. – З таго, што людзі дадуць. І мэблю нясуць, і адзенне, і прадукты».

[vc_single_image image=”346763″ img_size=”large”]

«А дзе Расея грошы возьме, каб Данецк ды Луганск адбудаваць?»

Пра палітыку і пра тое, хто нясе адказнасць за тое, што яны засталіся без дому, Сяргей з Вольгай стараюцца не разважаць. Пытанне «дык хто ж вінаваты?» выклікае разгубленасць. А праз некалькі хвілінаў маўчання сужэнцы амаль уголас кажуць: «Гэта ўсё гульні ўладаў з абодвух бакоў, а цярпім мы, звычайныя людзі». Дакладна муж і жонка разумеюць адно – яны не хочуць вайны, не хочуць, каб побач з іх домам стралялі.

Вяртацца ва Украіну Вольга і Сяргей пакуль не плануюць. «Нават калі і скончыцца вайна, хто будзе там усё аднаўляць? Як там жыць? Хто эканоміку адбудуе? – пытаецца Сяргей. – Кажаце, Расея? А дзе яна на гэта возьме грошы? Ім свой народ няма за што карміць. Ага, дачакаешся, што Расея дапаможа….».

У голасе Сяргея – недавер, што Расея будзе ўкладаць сродкі ў Данецкую і Луганскую вобласці. У той жа час, яны з Вольгай кажуць, што падтрымліваюць ДНР і ЛНР, і што гэтыя землі не мусяць быць у складзе Украіны. «Дык хто вы? – пытаемся. – Украінцы, расейцы, грамадзяне ДНР?». «Мы проста людзі», – чуем адказ і бачым усё тую ж разгубленасць у вачах. А потым яны дадаюць: «Гэта балюча, што нас падзялілі, штучна падзялілі народ, зрабілі ворагаў з братоў…».

Сяргей і Вольга Казусёнкі не скардзяцца на тыя ўмовы, у якіх даводзіцца наноў наладжваць жыццё. Яны гатовыя рабіць рамонт, працаваць. Прызвычайваюцца да беларускіх грошай, дзівяцца коштам, якія, паводле іх, ва Украіне ніжэйшыя, чым у Беларусі. Радуюцца зычлівасці і дапамозе мясцовых жыхароў.

«З такімі людзьмі, як у вас тут, можна ўсё перажыць, усе беды», – кажа Вольга Казусёнак на развітанне.

[vc_single_image image=”346764″ img_size=”large”]

Старшыня сельсавету: Уцекачы якасна папаўняюць насельніцтва раёну

Старшыня Глушанскага пасялковага савету Марыя Сушчанка вельмі станоўча ставіцца да ўкраінскіх уцекачоў: «Прыязджаюць добрыя людзі, маладыя, з дзецьмі. Гэта – паляпшэнне нашай дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, у пасёлку. Яны маюць адукацыю. Сюды прыехалі юрысты, эканамісты, медыкі.  Яны будуць тут працаваць, запоўняць вакуум, нястачу працоўнай сілы ў раёне. З іх дапамогай мы якасна папаўняем насельніцтва».

Мясцовыя жыхары, паводле спадарыні Марыі, таксама добра ўспрынялі з’яўленне гэтых сем’яў: «Мы далі аб’яву, што патрэбная дапамога, і людзі пачалі несці рэчы. Шмат неслі. Украінцы нават казалі, што ўжо зашмат».

Мясцовая чыноўніца кажа, што так шмат уцекачоў прыехалі менавіта ў Глушанскі пасялковы савет, бо тут знаходзіцца «Агракамбінат «Бабруйскі», які мае свабодны жылы фонд і працоўныя вакансіі. У іншыя часткі Бабруйшчыны не едуць, таму што там няма дзе жыць.

Цягам апошніх трох месяцаў, згодна з інфармацыяй дэпартаменту па міграцыі, у Беларусь прыбылі больш за 25 тысяч уцекачоў з Украіны. Большасць з іх пасялілася ў Гомельскай, Менскай, Віцебскай вобласцях. Напрыканцы жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб знаходжанні грамадзянаў Украіны ў Рэспубліцы Беларусь». Указ спрасціў парадак атрымання грамадзянамі Украіны дапамогі, а таксама ўладкаванне на працу і ў навучальныя ўстановы ў Беларусі.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў