«Гэта была спроба знішчэння нашай нацыі, людзей, якія ўвасабляюць яе дух»

video

Помніць пра злачынствы сталінізму ды спыніць новыя рэпрэсіі супраць беларускага грамадства. Сёння лідары апазіцыі ўшанавалі памяць тых, каго роўна 78 гадоў таму расстралялі ва ўнутранай турме НКВД БССР – так званай «амерыканцы». «Ланцуг памяці» каля будынку КДБ – у матэрыяле Віталя Бабіна.

Каля паўсотні чалавек паўсталі ў «Ланцуг памяці» акурат насупраць будынку КДБ, расцягнуўшыся на сотні метраў. Удзельнікі запальвалі знічы ды ставілі іх на прыступкі будынку. Арганізатары сённяшняй акцыі каля будынку КДБ наўмысна прасілі людзей прыходзіць без сцягоў і плакатаў.

«Гэта ж не толькі віна людзей, якія працавалі ў гэтым будынку, гэта віна ўсіх. Якія сядзелі і маўчалі, якія па-згодніцку пісалі даносы. Гэта ўсё было, і гэта не магло не пакінуць страшны след у душах людзей» — кажа палітык Уладзімір Някляеў.

У крывавую ноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 года Беларусь згубіла найлепшых сваіх сыноў. Больш за сотню выбітных пісьменнікаў, святароў, літаратараў, навукоўцаў і дзеячаў культуры, якіх савецкія энкавэдысты бязвінна расстралялі ў засценках »амерыканкі».

«Гэта была спроба знішчэння нашай нацыі. Без пісьменнікаў, без людзей, якія ўвасабляюць дух нацыі нацыя немагчымая. Каты гэта разумелі выразна, але мы выжылі і павінны нагадаць нашчадкам тых катаў, што такі нумар з намі не пройдзе» — падкрэслівае Мікалай Статкевіч.

Агулам на акцыю прыйшло больш за сотню людзей, якія трымалі ў руках лампадкі і партрэты сваіх родных, забітых савецкімі ўладамі.

Выказваюцца ўдзельнікі акцыі — жыхары Менску.

«Прыйшлі таму, што нам неабыякавая нашая гісторыя. Бо за гэту ноч была знішчаная ўся беларуская эліта. Мы прыйшлі дзеля таго, каб ушанаваць іх памяць, каб нагадаць, што яны ёсць і што яны рабілі для Беларусі» — лічыць малады хлопец.

«Не ведалі, колькі тут будзе людзей і ці ўвогуле зможа адбыцца гэтая акцыя. Таму што датычна нашых уладаў ніколі няма ўпэўненасці ў тым, як яны будуць сябе паводзіць – гвалтоўна ці не гвалтоўна» — падсумоўвае дзяўчына .

Улады ж хоць і не ўжылі гвалту, але традыцыйна склалі пратаколы на арганізатараў акцыі – Міколу Статкевіча, Уладзіміра Някляева і Анатоля Лябедзьку

Віталь Бабін

Глядзі таксама
Каментары