«Гэта блюзнерства!» Праваслаўныя актывісты разграмілі выставу скульптур у Маскве


Маладыя людзі, якіх пазней затрымала паліцыя, патлумачылі пагром тым, што некаторыя экспанаты абражаюць пачуцці вернікаў. У РПЦ лічаць, што перад законам павінны быць усё роўныя.

Група актывістаў на чале з лідарам праваслаўнага грамадскага руху «Божая воля» Дзмітрыем Царыонавым на мянушку Энтэа зладзілі акцыю пратэсту і разбілі некалькі скульптур на выставе ў «Манежы». У пятніцу ўвечары актывісты ўварваліся ў будынак выставы і разбурылі некалькі экспанатаў, піша interfax.ru.

На думку пратэстоўцаў, такія выставы абражаюць пачуцці вернікаў.

Дзмітрый Царыонаў заявіў: «Гэта блюзнерская выстава – напрыклад, Ісус Хрыстос намаляваны ў непрыглядным выглядзе. Мы хочам, каб гэтая выстава была зачыненая, каб закон аб абароне пачуццяў вернікаў рэальна выконваўся, каб у галоўным выставачным цэнтры краіны не было такога бруднага, жорсткага глумлення над Ісусам Хрыстом і над святымі».

Пазней праваслаўных актывістаў затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Па факце пагрому праводзіцца следчая праверка. Праца выставы часова прыпыненая.

У Расейскай праваслаўнай царкве лічаць, што закон мусяць выконваць і актывісты, і арганізатары выставы, падае 66.ru.

Усевалад Чаплін, кіраўнік сінадальнага Аддзелу па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства заўважыў: «Дрэнна, калі нехта ўрываецца на выставы і іх граміць, але дакладна так жа дрэнна, калі апаганьваюцца рэчы, святыя для хрысціянаў, людзей іншых рэлігій або няверуючых. Трэба нарэшце дамагчыся, каб не адбывалася ні першага, ні другога, інакш канфліктнасць у грамадстве будзе пастаянна нарастаць«.

Кіраўнік прэзідэнцкага Савету Расеі па правах чалавека Міхаіл Фядотаў параўнаў актывістаў з «варварамі «Ісламскай дзяржавы» і заявіў, што пагром – нагода для распачынання крымінальнай справы.

Выстава «Скульптуры, якіх мы не бачым» адкрылася 14 жніўня. На ёй прадстаўлены работы маскоўскіх скульптараў, удзельнікаў мастацкага аб’яднання «ЛеСС» Вадзіма Сідура, Мікалая Сіліса і Уладзіміра Лемпарта. Арганізатары выставы характарызуюць яе як поўнамаштабнае даследаванне феномену «падвальнага нонканфармізму», які існаваў у СССР паралельна афіцыйнаму мастацтву.

МЯ, паводле interfax.ru, 66.ru

Стужка навінаў