«Гэта асабісты загад Хірурга». Журналістаў «Белсату» не пусцілі на прэс-канферэнцыю «Начных ваўкоў»


Чальцы прапуцінскага мотаклубу перашкаджалі працаваць журналістам «Белсату» нават на вуліцы.

Журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава прыехалі на прэс-канферэнцыю «Начных ваўкоў», але дарогу на ўваходзе ў прадстаўніцтва Расеі ў Берасці ім перагарадзілі чальца мотаклубу: не пускалі нашых калегаў у будынак кансулату і заміналі здымаць перад уваходам.

Байкеры спаслаліся на тое, што нашых калегаў няма ў спісе акрэдытаваных журналістаў, хаця акрэдытацыі на гэтую сустрэчу не было – на яе пускалі ўсіх журналістаў і блогераў.

1 траўня 2018 года. Гэтыя людзі не пускалі журналістаў у будынак расейскага кансулату і заміналі ім працаваць. Фота – Мілана Харытонава/«Белсат»

Пазней адзін з каардынатараў «Начных Ваўкоў» Андрэй Баброўскі прызнаўся, што загад не пускаць журналістаў «Белсату» аддаў асабіста Аляксандр Залдастанаў (мянушка – Хірург), і не выканаць яго ён не можа.

«Два гады таму я нагадаў Хірургу, што на пачатку Другой сусветнай вайны Савецкі Саюз быў саюзнікам фашысцкай Германіі, за што ён мяне назваў правакатарам, – кажа «Белсату» Алесь Ляўчук. – Як толькі Хірург з’явіўся каля консульства, ён адразу паказаў сваім хлопцам на мяне».

Наш калега нагадаў байкеру пра хаўрус Сталіна з Гітлерам пасля таго, як калону «Начных ваўкоў» не пусцілі ў Польшчу ў траўні 2016-га.

СА

Стужка навінаў