«Гэта адказ улады праціўнікам парадаў», – эксперт пра святкаванне Дня дэсантніка і ССА ў цэнтры Менску


29 ліпеня на пляцоўцы ля Палацу спорту ў цэнтры Менску пры падтрымцы Мінаброны адбудзецца масавае святкаванне Дня дэсантніка і сілаў спецыяльных аперацый. Чакаецца паказальны выступ з элементамі рукапашнага бою, баявы эпізод з прымяненнем мінамётаў і зенітнай артылерыі, а таксама «вальс на БТР-80».

Акрамя таго, байцы ССА пакажуць эпізод са штурмам будынку і бой на вадзе.

У такім фармаце, у найбольш ажыўленым раёне гораду, імпрэза пад назвай «Рыцары неба» адбудзецца ўпершыню. Раней паказальныя выступы праводзілі або на тэрыторыі вайсковых частак, або ў парку Перамогі, як гэта было ў 2015 годзе. Да таго ж, Дзень дэсантніка адзначаецца ў Беларусі 2 жніўня, а не 29 ліпеня.

 

 

 

 

 

 

 

 

Увечары 27 ліпеня вайскоўцы правялі рэпетыцыю: на агароджанай пляцоўцы на Нямізе яны ў цемры адпрацоўвалі баявыя прыёмы. Некаторых жыхароў Менску занеппакоіла канцэнтрацыя вайсковай тэхнікі.

Адзін з прысутных на рэпетыцыі вайскоўцаў пацвердзіў карэспандэнтам «Белсату», што перанос святкавання ў цэнтр «нейкім чынам можа быць звязаны з вучэннямі «Захад-2017». Іншы сказаў, што гэта «проста паказуха, нічога сурʼёзнага». Тым не менш, падчас рэпетыцыі байцы ССА ў масках папрасілі журналістаў не фатаграфаваць іх. Пры гэтым, уваход на мерапрыемства будзе вольны і кожны ахвотны зможа назіраць шоу.

Мы звярнуліся да вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна з просьбай пракаментаваць паказальную трэніроўку на Нямізе.

Аляксандр Алесін

«У першую чаргу, гэта разлічана на ўнутранага назіральніка, на звычайных беларусаў. Бо людзям трэба «хлеба і відовішчаў», як вядома. А калі эканамічная сітуацыя ў краіне пагаршаецца, то ўлады могуць прапанаваць толькі відовішча. Па-другое, дэманстрацыя тэхнікі і навыкаў асабістага складу ў самым бачным месцы робіцца для таго, каб не толькі Захад, але і ўсходні сусед усведамляў магчымасці беларускага войска», – лічыць эксперт.

Паводле Алесіна, трэніроўка праводзілася ў цемры, бо начны бой найбольш складаны і патрабуе ад байцоў найлепшай падрыхтоўкі.

«Акрамя жадання паказаць свой патэнцыял суседзям, улады ладзяць гэты выступ і ў якасці адказу праціўнікам правядзення парадаў у цэнтры гораду», – дадае Алесін.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў