«Гэта абраза для нашай краіны». У МЗС Беларусі выклікалі амбасадара Літвы праз заяву Грыбаўскайце


Учора, 6 чэрвеня, у МЗС Беларусі быў выкліканы амбасадар Літвы ў сувязі з рэзананснымі выказваннямі прэзідэнта Далі Грыбаўскайце. У амбасадара запатрабавалі тлумачэнняў.

5 чэрвеня ў інтэрвʼю LRT Грыбаўскайце заявіла, што суседства з Беларуссю і Расеяй і выкарыстанне беларускай тэрыторыі для «агрэсіўных гульняў» уяўляе пагрозу для Літвы.

«Эстонія, як і Латвія, а таксама Польшча для нас вельмі важныя, так як гэта ўсходняя мяжа NATO, таму выклікі і пагрозы – тыя ж. Гэта – знаходжанне Расеі і Беларусі ў нашых усходніх межаў. Вядома, гэта і мілітарызацыя, якую мы назіраем у Калінінградзе, выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для розных эксперыментаў і агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду. Сярод іх – і маючые адбыцца вайсковыя вучэнні («Захад-2017»)», – адзначыла Грыбаўскайце напярэдадні свайго візіту ў Эстонію

«Выкарыстаная прэзідэнтам Літвы лексіка, уключаючы словы «агрэсіўныя гульні», зʼяўляецца абразай для нашай краіны, якая вядзе міралюбівую палітыку, якая ўносіць рэальны і агульнапрызнаны ўнёсак у справу ўмацавання бяспекі нашага рэгіёну.Такія заявы робяцца не для ўмацавання бяспекі ў рэгіёне, а каб павысіць сваю пазнавальнасць сярод партнёраў па NATO і папулярнасць сярод выбарцаў», – гаворыцца ў заяве знешнепалітычнага ведамства.

У МЗС нагадалі, што сяброўскія адносіны Літвы і Беларусі замацаваныя дамовай аб добрасуседстве і супрацы, якая дзейнічае больш за 20 гадоў.

«Увага амбасадара Літвы была асабліва звернутая на тое, што ключавое слова ў гэтым дагаворы – добрасуседства, бо суседзяў, як вядома не выбіраюць – іх дае Бог», – рэзюмавалі ў МЗС.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў