Героі зорных войнаў, скейтэры і ўладальнікі дарагіх аўто на два дні захапілі Горадню


Фестываль вулічных мастацтваў 27-28 чэрвеня прайшоў у горадзе над Нёмнам.

Фэст пачаўся ў суботу з шэсця эпатажных герояў імпрэзы праз цэнтр гораду, пасля чаго кожны змог захапіць для сваіх выступаў асобную пляцоўку. Сказаць, што гэтымі выходнымі кожны гарадзенец змог знайсці нешта для сябе, значыць, не сказаць нічога. Бо, каб паспець паўсюдна, шмат каму хацелася разарвацца на 2 ці 3 часткі.

Тым часам, як на вуліцах цэнтру мінакі фатаграфаваліся з жывымі скульптурамі альбо героямі «Зорных Войнаў», на Савецкай плошчы праходзіла выстава «крутых тачак»: ад рэтрамабіляў да сучасных аўто. У двары Новага замку праходзіў міжнародны джаз-фэст, а ў пары кіламетрах ад горада на аэрадроме «Караліно» – авіяшоў.

Аншлагу на гарадзенскіх вуліцах спрыяла яшчэ і бязхмарнае цёплае надвор’е, якое пратрымалася ўсе два дні. Увечары вулічных мімаў ды стым-панкераў змянялі музыкі на летняй пляцоўцы ў парку Жылібера, а таксама фаершчыкі ў Швайцарскай даліне. Закрыццё фэсту ў нядзелю супала з правядзеннем вялікага канцэрту і дыскатэкі ў старым цэнтры.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў