Генштаб тлумачыць, чаму Беларусь не адмовіцца ад прызыву ў войска і не скароціць тэрмін службы


У Беларусі няма грошаў і магчымасці пераходзіць на цалкам добраахвотнае войска, заявіў намеснік начальніка Генеральнага штабу Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Аляксандр Шкіренка.

Гэтыя словы прагучалі на паседжанні камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў адказ на пытанне сенатара трансплантолага Алега Рума.

«У Беларусі не будзе стварацца прафесійная армія», – заявіў Шкіренка.

Беларускі жаўнер-дэсантнік прыносіць прысягу. Фота: vsr.mil.by

Беларускі генерал спаслаўся на досвед Украіны, якая адмяніла ў 2013 годзе прызыў, а ў 2014 была вымушаная вярнуцца да яго ў сувязі з расейскай агрэсіяй і патрэбай рэзка павялічыць нацыянальныя ўзброеныя сілы.

Цалкам наёмную армію таксама цяжка рэзка павялічыць у выпадку вайны, а ўтрымліваць вялікія ўзброеныя сілы ў мірны час беларускай эканоміцы «проста не пад сілу», адзначыў вайсковец.

А для мірнага часу вялікая армія непатрэбная, дадаў ён. Такім чынам беларуская армія (каля 65.000 чалавек) кожны год набірае каля 20.000 прызыўнікоў, якія пасля службы робяцца рэзервам, за кошт якога можна хутка нарасціць колькасць узброеных сілаў пры пагрозе вайны.

Мала прызыўнікоў

Таксама Беларусь не разглядае пытанне скарачэння тэрміновай службы да аднаго году, распавёў генерал-маёр Аляксандр Шкіренка. Гэта звязана з патрэбай камплектавання арміі акрэсленай колькасцю новых жаўнераў кожны год, патлумачыў ён.

«Пераходзіць на год тэрміновай службы немэтазгодна, калі перайсці на год, то мы пойдзем у мінус», – сказаў Шкіренка. Ужо зараз вялікі адсотак прызыўнікоў атрымлівае адтэрміноўку з-за вучобы, па здароўі і па сямейных абставінах.

Гульня ў лазертэг падчас «Дня прызыўніка» у Клецкім раёне. Фота: vsr.mil.by

У савецкія часы ў армію набіралі 9 прызыўнікоў з 10, а зараз толькі 1 з 10, дадаў генерал.

У хлопцаў не хапае не толькі здароўя, але і матывацыі для службы, адзначыў Шкіренка: «Я пачынаю размову з прызыўніком, а ён мне кажа пра тое, колькі ён можа зарабіць грошаў за той час, калі будзе служыць у арміі».

Прэстыж службы

Вайсковец лічыць, што трэба на дзяржаўным узроўні прыняць рашэнне, якое будзе матываваць людзей ісці ў армію: «Павінны быць нейкія прэферэнцыі для тых, хто служыў».

«Мы ўсе разам павінны падумаць, што трэба рабіць, каб малады чалавек па ўласным жаданні шоў служыць, каб яго не трэба было гнаць сілай у армію, у іншыя сілавыя структуры», – сказаў таксама на паседжанні старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы генерал-маёр міліцыі Валянцін Міхневіч.

Нацыянальная ідэя

Можна цалкам пагадзіцца з генераламі ў тым, што Беларусь не можа па ваенным і фінансавым меркаванням адмовіцца ад прызыўной арміі – Еўропа зноў стала небяспечным рэгіёнам, і ўсё больш нашых суседзяў вяртаюцца да праверанага 2 сусветнымі войнамі надзейнага прызыўнога прынцыпу камплектавання войска. 

Жаўнеры Сіл спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь. Фота: arnamax.kz

Аднак беларускія незалежныя вайсковыя эксперты і да канфлікту на Украіне, і пасля яго пачатку неаднаразова звярталі ўвагу на тое, што не толькі і не столькі эканамічныя фактары павінны матываваць людзей для абароны сваёй краіны.

Спарахнелая савецкая ідэалагічная спадчына, рэпрэсіўная дзяржаўная сістэма, адмаўленне каштоўнасцяў беларускага нацыянальнага руху прыводзяць да таго, што моладзь вырастае ў атмасферы чыстага спажывальніцтва, не ўспрымае незалежнасць і нацыянальную культуру як значныя каштоўнасці.

У той жа час адсутнасць эканамічных рэформаў не дазваляе фінансаваць беларускае войска на належным узроўні, вызваліць яго ад няпрофільных для арміі гаспадарчых функцый, прысвяціць максімум часу баявой падрыхтоўцы. У выніку аповеды дэмабілізаваных жаўнераў у стылі «фарбаваў плот» ці «збіраў бульбу», «страляў 3 разы за ўсю службу» – таксама не падвышаюць жадання моладзі служыць.

Непразрыстасць сілавых структур і іхная сувязь з рэпрэсіямі супраць беларускіх нацыяналістаў выклікаюць у патрыятычных колах грамадства недавер і да нацыянальнай арміі, імкненне лічыць беларускія ўзброеныя сілы марыянеткавай структурай Масквы, адзначаў яшчэ ў 2013 годзе заснавальнік аналітычнага парталу «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Фота з заняткаў бабруйскага патрыятычнага клубу «Патрыёт». Арганізатары клубу сталі ахвярамі рэпрэсіяў з боку ўладаў.

Ці будуць бараніць краіну тыя, хто пайшоў у армію за нейкімі карʼернымі ці грашовымі прэферэнцыямі, але не кіруецца глыбокім нацыянальным пачуццём – вялікае пытанне.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары