Генсек NATO абяцае Грузіі сяброўства ў альянсе


12 ліпеня 2018 года. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг падчас шматбаковага спаткання NATO з Грузіяй і Украінай. Брусель, Бельгія. Фота – Yves Herman/Reuters

Паводле Енса Стольтэнбэрга, лідары краінаў NATO робяць усё магчымае для далучэння Грузіі да блоку нягледзячы на праблемы з сепаратыстамі, падае «Washington Post».

Пра гэта генеральны сакратар Арганізацыі Паўночнаатлантычнае дамовы заявіў пасля супольнага брыфінгу ў Бруселі з прэзідэнтам Грузіі Гіёргіем Маргвэлашвілі ў чацвер.

«Прайшло 10 гадоў, як адбылося першае пасяджэнне камісіі NATO-Грузія, на якім былі вызначаныя вялікія мэты па сяброўству Грузіі [ў альянсе]. Грузія абавязкова стане сябрам нашай арганізацыі, і нашыя лідары робяць свой унёсак, каб гэта адбылося як мага хутчэй», – дадаў Стольтэнбэрг.

Старшыня арганізацыі таксама падкрэсліў, што Грузія выканала ўзятыя абавязкі па ажыццяўленні рэформаў і падзякаваў Тбілісі за службу грузінскіх вайскоўцаў у Афганістане.

Некалькі сотняў грузінскіх вайскоўцаў нясуць службу ў Афганістане ў межах місіі NATO «Рашучае падтрыманне». У верасні 2008 года распачала працу камісія NATO-Грузія.

Стасункі NATO і Грузіі бяруць пачатак у 1992 годзе, калі паўднёвакаўказская краіна атрымала самастойнасць. Пасля рэвалюцыі 2003 года Грузія стала імкнуцца да ўмацавання сувязяў з NATO, з перспектывай уступлення ў гэтую арганізацыю. Гэта імкненне было падтрымана ў красавіку 2008 года на саміце NATO ў Бухарэсце. У жніўні 2008 года распачалася расейска-грузінская вайна, у выніку якой Расея прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, абвешчаную адпаведна ў 1992-м і 1994-м гадах.

Прысутнасць расейскіх войскаў на тэрыторыі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі – галоўная перашкода на шляху Грузіі і NATO.

ДД

Стужка навінаў