Генпракурор: Лезці ў кішэнь чыноўніка не зусім маральна


9 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў прагаласавалі за праект закона аб карупцыі.

«Прапаноўвалася ледзь не зазіраць у кішэню кожнага чыноўніка. Гэты момант не зусім правільна ўспрымаўся. Не зусім правільна гэта было б з пункту гледжання маралі і этыкі», – падкрэсліў генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк, прадстаўляючы законапраект у ніжняй палаце парламенту.

Праект закона ўтрымлівае абмежаванні, якія ўстанаўліваюцца для дзяржслужачых. Такія асобы, у прыватнасці, не маюць права:

  • займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю асабіста ці праз іншых асоб;
  • дапамагаць мужу (жонцы), блізкім сваякам ці родным у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці, выкарыстоўваючы службовае становішча;
  • мець рахункі ў замежных банках, за выключэннем выпадкаў выканання дзяржаўных функцый у замежных дзяржавах;
  • прымаць маёмасць ці падарункі ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, за выключэннем сувеніраў, уручаных падчас правядзення афіцыйных мерапрыемстваў;
  • выкарыстоўваць з пазаслужбовымі мэтамі сродкі матэрыяльна-тэхнічнага, фінансавага і інфармацыйнага забеспячэння, іншую маёмасць дзяржаўнага органа, арганізацыі і службовую тайну.

Летам мінулага года кіраўнік дзяржавы даручыў ураду падрыхтаваць дапрацаваную версію гэтага законапраекта. Ён быў вынесены на грамадскае абмеркаванне. Распрацоўшчыкі атрымалі больш за 300 прапаноў, у тым ліку ад простых грамадзянаў. Асноўны ўпор у дакуменце зроблены на ўзмацненне кантролю за даходамі чыноўнікаў і іх сваякоў, перадае tvr.by.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў