Генпракуратура ўзялася за лячэнне наркаманаў, таксікаманаў і алкаголікаў


Вызначаны новы парадак прымусовага лячэння ад небяспечных залежнасцяў.

Па выніках праверкі Генеральнай пракуратурай Беларусі выканання заканадаўства органамі ўнутраных справаў і ўстановамі аховы здароўя захадаў прымусовага амбулаторнага лячэння ад алкагалізму, наркаманіі і таксікаманіі, чыноўнікам стала зразумела, што сістэма выканання судовых пастановаў не працуе.

Як адзначаецца ў паведамленні Генпракуратуры, Крымінальны кодэкс (арт.107) устанаўлівае, што прымусовыя меры бяспекі і лячэння прызначаюцца судом, каб стварыць умовы для лячэння і сацыялізацыі злачынцаў з залежнасцямі, якія здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні.

Лячэнне ад хранічнага алкагалізму, наркаманіі або таксікаманіі асуджаных да арышту, пазбаўлення волі або пажыццёвага зняволення праводзіцца па месцы адбыцця пакарання, а асуджаных да іншых відаў пакарання або крымінальнай адказнасці – па месцы жыхарства шляхам прымусовага амбулаторнага назірання і лячэння.

Паводле інфармацыі Вярхоўнага суда, толькі ў 2015 годзе прымусовае лячэнне павінны былі прайсці 12 687 беларусаў хворых на алкагалізм, наркаманію або таксікаманію.

У звязку з гэтым Генеральная пракуратура разам з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі распрацавалі дакумент, які мае вызначыць працэдуры ўзаемадзеяння арганізацыяў аховы здароўя з органамі ўнутраных справаў падчас ажыццяўленні прымусовага амбулаторнага назірання і лячэння асобаў, асуджаных па арт. 107 КК.

Адпаведны дакумент уступіў у сілу з 12 жніўня 2016 года.

Фота: doseng.org

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Глядзі таксама
Каментары