Генпракуратура Украіны адмовілася пачынаць расследаванне супраць Парашэнкі


Пятро Парашэнка. Фота zn.ua

Генеральная пракуратура Украіны (ГПУ) не будзе праводзіць расследавання дзейнасці афшору прэзідэнта Пятра Парашэнкі, пра што ўзгадваюць дакументы «Панамскага архіву».

Як паведаміў пракурор ГПУ Уладзіслаў Куцэнка, у ведамства няма паўнамоцтваў праводзіць расследавання ў дачыненні да дзейнага прэзідэнта краіны.

Пры гэтым Куцэнка дадаў, што пасля папярэдняга вывучэння «інфармацыі, якую распаўсюджваюць асобныя медыі пра парушэнне закону прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, ГПУ ў гэтых заявах ды інфармацыі ніякага складу злачынства не бачыць».

Глядзіце яшчэ >>>Дзмітрый Мядзведзеў пра Украіну: Дзяржавы там не існуе

«Мы звяртаемся да ўсіх народных дэпутатаў Украіны, прадстаўнікоў грамадскасці, не ўцягваць ГПУ ў палітыку і дзейнічаць у адпаведнасці з законамі, з Канстытуцыяй», – заявіў пракурор ГПУ Уладзіслаў Куцэнка.

Раней Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны таксама паведаміла, што не мае паўнамоцтваў праводзіць дасудовае расследаванне ў дачыненні да дзейнага кіраўніка дзяржавы.

У сваю чаргу лідар Радыкальнай партыі, дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Ляшко заявіў, што ініцыюе пачатак працэдуры імпічменту прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Ляшко і яго прыхільнікі маюць намер стварыць адмысловую парламенцкую камісію для расследавання афшору.

З дакументаў «Панамскага архіву», апублікаваных вечарам 3-га красавіка, вынікае, што Парашэнка зарэгістраваў некалькі афшорных кампаніяў, уключаючы «Prime Asset Partners Limited». У дэкларацыі аб прыбытках за 2014 год Парашэнка «Prime Asset Partners Limited» не пазначыў.

«Панамскі архіў» – каля 11 мільёнаў дакументаў юрыдычнай фірмы «Mossack Fonseca», якая займаецца афшорнымі кампаніямі, – быў апублікаваны некалькімі дзясяткамі медыяў у розных краінах свету. З «Mossack Fonseca» аказаліся звязаныя дзясяткі палітыкаў і бізнесоўцаў, у тым ліку расейскіх і ўкраінскіх.

Адной з найбольш папулярных мэтаў выкарыстання афшорнай кампаніі зʼяўляецца аптымізацыя падаткаў – людзі выводзяць грошы ў іншыя краіны з меншым падаткам, каб не плаціць большых падаткаў у сваіх краінах.

МЯ, паводле meduza.io112.ua

Глядзі таксама
Каментары