Генпракуратура не чакае хвалі даносаў у сувязі з пастановай № 101


Саўмін уводзіць «ганарары» за інфармацыю аб карупцыі. Падаткамі яны абкладацца не будуць.

«Усе звароты грамадзянаў, у тым ліку і тыя, у якіх гаворыцца пра здзейсненае ці якое рыхтуецца злачынства, згодна з заканадаўствам павінны правярацца і ацэньвацца. Я думаю, нашыя грамадзяне разумеюць і ведаюць заканадаўства, дзе прадугледжаная адказнасць за заведама ілжывыя даносы», – заявіў на брыфінгу ў Менску начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры Ігар Грэйба.

Ён мяркуе, што росту ілжывых зваротаў не будзе.

Ігар Грэйба адзначыў, што ўзнагароджанне за інфармацыю аб карупцыі не будзе абкладацца падаткам.

Пастанова № 101 прынятая Саўмінам 5 лютага і ўступае ў сілу са дня афіцыйнага апублікавання. Яна прадугледжвае выплаты грамадзянам за інфармацыю пра карупцыйныя злачынствы. Калі злачынствы носяць цяжкі ці асабліва цяжкі характар, то ўзнагарода будзе дасягаць 50 базавых велічыняў, калі гаворка пра менш цяжкія злачынствы – да 30 базавых.

Таксама прадугледжаная «кампенсацыя» у памеры 10 базавых велічыняў на падставе дакументу, што пацвярджае «панесеныя фізічнай асобай выдаткі».

Дзеянне дакументу не распаўсюджваецца на вайскоўцаў ці супрацоўнікаў дзяржорганаў і іншых арганізацыяў, якія змагаюцца з карупцыяй, а таксама на ўдзельнікаў працэсу пры вытворчасці крымінальных справаў.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары