Генпракуратура Беларусі: Асуджэнне Юрыя Палітыкі будзе заведама незаконным


Намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук заявіў у Кіеве, што асуджэнне беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыка, якога ўкраінскія спецслужбы вінавацяць у шпіянажы, будзе «заведама незаконным».

Гэтую заяву Стук зрабіў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскай генеральнай пракуратуры.

«Аляксей Стук абмеркаваў сітуацыю вакол расследавання і судовага разгляду ўкраінскімі кампетэнтнымі органамі крымінальнай справы ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, якога абвінавачваюць у шпіянажы. Афіцыйна праінфармаваў украінскіх калегаў пра тое, што Юрый Палітыка не мае і ніколі не меў дачынення да дзейнасці якіх бы там ні было органаў бяспекі Рэспублікі Беларусь. Адзначыў, што яго магчымае асуджэнне за асабліва цяжкае злачынства супраць Украіны было б заведама незаконным», – гаворыцца ў паведамленні на сайце Генпракуратуры.

Стук таксама выказаў занепакоенасць захаваннем правоў Юрыя Палітыкі падчас разгляду справы:

«Звярнуў увагу на важнасць забеспячэння законнасці пры разглядзе крымінальнай справы, бесстаронняга вывучэння сабраных супраць яго доказаў. Паказаў на недапушчальнасць іх атрымання недазволенымі метадамі следства. Адзначыў непрымальнасць палітычных матывах аднаго крымінальнага пераследу».

Нагадаем, Юрыя Палітыку затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, беларус у інтарэсах трэцяга боку збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст затрыманага беларуса Юрыя Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Таксама быў апублікаваны ліст маці затрыманага беларуса з просьбай аб дапамозе.

Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай».

СБУ заяву Юрыя Палітыкі пра катаванні зняпраўдзіла.

Папярэдні разгляд справы Юрыя Палітыкі распачаўся 12 лютага, але за гэты час суд амаль не прасунуўся наперад. Паседжанне раз за разам адкладаліся – або з прычыны адсутнасці перакладчыка, або з прычыны адсутнасці адвакатаў. Нарэшце 15 траўня калегія суддзяў Чарнігаўскага раённага суду, якая мусіла разглядаць «шпіёнскую справу» Юрыя Палітыкі, узяла самаадвод. Цяпер справай займаецца Новазаводскі суд Чарнігава.

Belsat.eu пісаў пра дэталі «шпіёнскай» справы – падрабязна чытайце тут.

Раней некаторыя ўкраінскія эксперты выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкай можа быць люстэркавай рэакцыяй на суд над Паўлам Шаройкам у Менску.

Павел Шаройка

Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Шаройку затрымалі ў Менску ў кастрычніку і абвінавацілі ў шпіянажы. Вярхоўны Суд прысудзіў яго да 8 гадоў пазбаўлення волі. 30 траўня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што не выключае магчымасці абмену «ўкраінскага шпіёна» Паўла Шаройка на «беларускага шпіёна» Юрыя Палітыка.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў