Генпракуратура РФ заяўляе, што адсутнасць памежнага кантролю паміж Беларуссю і Расеяй перашкаджае барацьбе з наркотыкамі 


Адсутнасць памежнага кантролю паміж Расеяй і Беларуссю з’яўляецца фактарам, які негатыўна ўплываюць на эфектыўнасць барацьбы з незаконным зваротам наркотыкаў. Пра гэта заявіў генпракурор Расеі Юрый Чайка падчас пасяджэння абʼяднанай калегіі Генпракуратуры Беларусі і Генпракуратуры РФ.

«Адзначу шэраг фактараў, якія зніжаюць эфектыўнасць сумесных мерапрыемстваў. Сярод іх – адсутнасць памежнага кантролю, мытнага дэкларавання для грамадзян Саюзнай дзяржавы, а таксама магчымасць свабоднага перамяшчэння тавараў у рамках Саюзнай дзяржавы», – сказаў Чайка.

Ён падкрэсліў, што адначасова названыя фактары зʼяўляюцца, «бясспрэчна, станоўчым момантам для развіцця эканомік дзяржаў».

«Але абʼектыўна (гэта) абцяжарвае выяўленне і спыненне фактаў транспарціроўкі праз мяжу наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў», – цытуе Чайку РИА Новости.

Нагадаем, 20 кастрычніка прадстаўнік МУС РФ Аляксандр Гаравы заявіў, што вясной 2018 года на беларуска-расейскай мяжы могуць быць устаноўлены часовыя памежныя пасты. Магчымае з’яўленне пастоў ён патлумачыў заклапочанасцю расейскіх уладаў з нагоды адкрытасці мяжы, ва ўмовах, калі ўлады Беларусі дазволілі грамадзянам 80 краін свету прыязджаць у сваю краіну без візы.

ІІ, belsat.eu. Фота – ТАСС

Стужка навінаў