«Генеральная недаверанасць». Як не трапіць у пастку, купляючы аўта?


Жыхарка Наваградку па няведанні купіла скрадзенае аўта. Пасля здзелкі машыну знялі з уліку ДАІ, на руках у новай гаспадыні – пакет дакументаў. Але гэта не перашкодзіла праваахоўнікам фактычна «аджаць» пакупку.

Аперацыя «Канфіскацыя»

Летась у лютым сын Алены Харонжай купіў «BMW» 1993 году выпуску ў знаёмага ды аформіў на маці. Па дакументах аўта належала жыхару Дзяржынска Яўгену Шашко. Ён у размове з «Белсатам» пацвердзіў, што аформіў генеральную даверанасць на хлопца.

Праз некалькі дзён сыну патэлефанаваў следчы Цітоў з Лідскага раённага следчага камітэту: заведзеная справа пра ўгон такога аўтамабіля з 11 па 13 студзеня 2015 году ў жыхаркі Ліды.

На сустрэчу з сынам следчы прыехаў з мужчынам у цывільным, дзяўчынай, у якой скралі «BMW» і прадаўцом.

– Цітоў з пагрозамі запатрабаваў, каб я аддала ключы, дакументы і ўласна машыну, – кажа Алена Харонжая. – Я зрабіла гэта, бо ў ягонай машыне знаходзіўся мой сын. Дакументаў, што пацвярджалі б факт канфіскацыі аўта, ён мне не выдаў.

Па словах жанчыны, следчы абяцаў інфармаваць яе пра паседжанні суда і раіў не наймаць адваката.

Купіла аўта, а цяпер не мае да яго дачынення?

2877402726_70a41a71bd_z

Суд прызнаў Цецерука, у якога сын Харонжай купіў машыну, вінаватым у крадзежы «BMW» у грамадзянкі Альшэўскай. Паводле часткі 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса ён атрымаў два гады пазбаўлення волі. Аўта вярнулі Альшэўскай.

Паводле суда Лідскага раёну, Алена Харонжая не з’яўляецца ўдзельніцай судовага разбіральніцтва, таму яе не запрашалі на паседжанні і не даслалі рашэнне суда.

«Калі Вы прэтэндуеце на транспартны сродак у якасці законнага ўладальніка, Вы маеце права звярнуцца ў суд з адпаведным іскам аб прызнанні за Вамі права ўласнасці», – паведаміў Алене Харонжай суд Лідскага раёну (копія ліста ёсць у рэдакцыі).

Два адвакаты, да якіх звярталася Алена Харонжая, адмовіліся займацца гэтай справай.

Як не трапіць у пастку?

Па тэлефоне для даведак Гарадзенскай ДАІ адказалі, што аўтамабіль аўтаматычна правяраецца ў аддзеле рэгістрацыі. «У часе праверкі відаць нават самыя дробныя прыкметы пераваркі VIN-коду», – заверылі там, то бок купіць скрадзенае аўта, прайшоўшы працэдуру афармлення ў аўтаінспекцыі немагчыма.

Але ў дадзенай гісторыі больш юрыдычных нюансаў, пра якія варта ведаць тым, хто купляе аўтамабіль «з рук».

«Я раю ніколі не афармляць пакупку аўта даверанасцю, бо гэта з’яўляецца «прытворнай» здзелкай, – кажа адвакат юрыдычнай кансультацыі N2 Фрунзенскага раёну Менскай гарадской калегіі адвакатаў Андрэй Ананько. – Такая папера толькі прыкрывае куплю-продаж. Калі суд убачыць гэта, то можа палічыць усе іншыя дзеянні з аўтамабілем на падставе даверанасці несапраўднымі».

Таксама юрыст гаворыць пра неабходнасць праверкі дакументаў прадаўца ці ягонага прадстаўніка. Пакупніку неабходна ўзяць копіі пашпарта і даверанасці, калі гэта трэцяя асоба. Таксама лепей не афармляць пакупку праз ІП ці арганізацыі, што займаюцца камісійным гандлем аўтамабілямі.

«Трэба настаяць на тым, каб ехаць у РЭП ДАІ разам, правесці зверку ідэнтыфікацыйнага нумару аўтамабіля, а затым адразу скласці і зарэгістраваць дамову куплі-продажу», – раіць Андрэй Ананько.

Калі раптам пасля ўсяго гэтага з пакупніком звязваюцца следчы ці аператыўны ўпаўнаважаны, то адразу варта звяртацца па кансультацыю да адваката і ісці на сустрэчу разам.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў