Генерал Мароз адступае ў Крэмль. Чаму Украіна не замерзла, як хацеў «Газпрам»?


Анамальныя тэмпературы заспелі Еўропу знянацку. Атака зімы істотна павысіла попыт і цэны на газ, што дазволіла расейскаму «Газпраму» пабіць чарговы рэкорд на еўрапейскім рынку.

У заходніх медыях катаклізм празвалі «Зверам з Усходу» ці «Сібірскім мядзведзем». Арктычны цыклон прыйшоў з Сібіры – адтуль жа сюды паступае і расейскі газ.

Каментуе Войцех Якубік, польскі аналітык сектару энергетыкі, BiznesAlert.pl:

«Заробіць кожная фірма, паколькі кошт газу ў Еўропе сістэматычна расце разам з ростам спажывання і паніжэннем прапановы на рынку. Гэта нармальная сітуацыя».

Сібірскія маразы забралі жыцці прынамсі паўсотні еўрапейцаў. Але загалоўкі расейскіх медыяў сёння не пра гэта.

Анамальныя тэмпературы, якія прыйшлі ў Еўропу, тут называюць не іначай як «Генерал мароз», які трымае ў страху еўрапейскія краіны. Не толькі з ўвагі на тэмпературу, але і залежнасць ад расейскага газу.

«Найлепшы шлях зменшыць залежнасць – знізіць спажыванне газу і трымацца стратэгіі энергетычнай эфектыўнасці. У выніку гэта стварае нашмат больш месцаў працы. Гэта лепш, чым проста набываць расейскі газ і даваць мноства грошай Містэру Пуціну, які інвестуе сродкі з нашага бюджэту наўпрост у расейскае войска. А пазней мы тут сядзім і абмяркоўваем, што мусім павысіць сваю бяспеку і інвеставаць у сваё войска», – лічыць Рэбака Гармс, дэпутатка Еўрапарламенту.

Сапраўды, з кожным градусам ніжэй растуць прыбыткі расейскага манапаліста.

Але гэта – рост на рынку, які не мае далёкіх перспектываў. Агульнае спажыванне газу ў Еўропе, паволі, але змяншаецца на карысць аднаўляльных крыніцаў энергіі.

«Еўропа ідзе да адмову ад выкапнёвага паліва. І да 50-га года не будзе ўжываць выкапнёвае паліва. І гэта мусяць ведаць усе», – заяўляе Броніс Ропе, еўрадэпутат Еўрапарламенту, Брусель.

Падаецца, гэтага ўсцяж не ведае, альбо не разумее расейскі «Газпром».

«Сітуацыя можа палепшыцца, дзякуючы пэўным рэформам і новым праектам. А гэтага ў «Газпроме» апошнім часам не было. «Газпром» увесь час чакае на нерэалізаваныя надзеі, звязаныя з кітайскімі праектамі. Ён таксама чакае вырашэнне ў справе «Норд стрым 2». І тут трэба шукаць шанец на паляпшэнне сітуацыі канцэрну. Ці ейнае пагаршэнне, бо абодва праекты няпэўныя», – працягвае Войцех Якубік.

Ужо тры гады расейскі газ не набывае Украіна. Анамальныя маразы таксама заспелі Кіеў знянацку.

«Холадна, вельмі холадна, але топяць», – кажа мясцовая жыхарка.

Украінскі «Нафтагаз» пераконвае, што сітуацыя пад кантролем. Рэзерваў у падземных сховішчаў мае хапіць да канца сезону.

Каментуе Алег Гаўрыш, эканаміст, намеснік рэдактара «НВ Бізнес», Кіеў:

«Ва Украіне сёння, паводле стану на сённяшнюю раніцу, знаходзіцца 10,1 мільярдаў кубоў газу ў газавых сховішчах. Гэтага цалкам дастаткова, каб прайсьці праз самы халодны сакавік і красавік».

Разам з маразамі ва Украіну прыйшлі і добрыя навіны. Стакгольмскі суд стаў на бок «Нафтагазу» ў справе пра кампенсацыю недапаставак «Газпрамам» ў ранейшыя гады.

«Украіна выйграла 4 мільярда 600 мільёнаў долараў», – заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Гэта азначае і тое, што Кіеў, імаверна, зноў будзе купляць расейскі газ. Але ў значна меншых аб’ёмах і на больш выгодных умовах.

«Тое, што датычыць досведу, які можа быць карысны для Беларусі… Ён якраз кажа пра тое, што калі вы хочаце пазбавіцца ад залежнасці ад «Газпрому» – гэта даволі проста. Украіна зрабіла. Бачыце, халоднае надворʼе, снег, але ніхто не мерзне ў дамах. Ацяпленне ёсць паўсюль і газа хопіць яшчэ як мінімум да канца красавіка», – працягвае эканаміст Алег Гаўрыш.

Генерал Мароз хутка скончыць свой наступ. Сіноптыкі абяцаюць істотнае пацяпленне ўжо на пачатку наступнага тыдня. Прыход «Сібірскага мядзведзя» дорага каштаваў Еўропе. Але вынік змагання наўрад ці будзе на ягоную карысць.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою.

Стужка навінаў