Гендырэктар «Беларуськалія» патлумачыў, чаму ФК «Шахцёр» расстаўся з галоўным трэнерам


Іван Галаваты

Генеральны дырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты агучыў прычыны скасавання кантракту з галоўным трэнерам салігорскага клубу Алегам Кубаравым.

Па сканчэнні паловы чэмпіянату ФК «Шахцёр» (Салігорск) займае першы радок у турнірнай табліцы, на 3 ачкі апярэджваючы БАТЭ. Улічваючы гэта, шмат хто здзівіўся нядаўняй адстаўцы галоўнага трэнера «гарнякоў» Алега Кубарава.

З чым звязаныя такія змены, у лісце выданню «Прессбол» патлумачыў генеральны дырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты.

Падаем урывак з лісту ніжэй:

«У пачатку ніякіх супярэчнасцяў у поглядах трэнера і кіраўніцтва клубу не было. Але з кожным пройдзеным этапам – у Кубку Беларусі, у еўракубках (прайграныя два турніру з трох у сезоне – супернікам, якія далёка не пераўзыходзяць «Шахцёр» ні ў якіх кампанентах) – ужо было зразумела, што далейшая праца разам немагчымая. Акрамя таго, на жаль, сёння каманда не можа пахваліцца галоўным: упэўненай і стабільнай гульнёй, яка прагрэсуе ад матчу да матчу.

Таму мною і было прынятае рашэнне аб змене галоўнага трэнера. Так, яно неардынарнае, але я ўпэўнены, што гэта пэўны крок наперад.

І гэта рашэнне прынятае не па выніках матчу з «Судува» (як думае шмат хто), а па гульні каманды, якую яна паказвае, пачынаючы прыкладна з чацвёртага тура (першыя матчы можна спісаць на пачатак сезона, прыцірку гульцоў, трэнераў і гэтак далей). А матч з «Судувай» (салігорцы прайгралі літоўскаму клубу па суме двух матчаў у Лізе Еўропы – заўв.) лішні раз пацвердзіў, што ў такім выглядзе не толькі вялікіх, але і наагул перспектываў у нас не будзе – ні ў гэтым годзе, ні ў бліжэйшай будучыні.

Шмат заўзятараў на форумах пісалі, што каманда пасля першага кола ідзе на першым месцы, і мы ўпершыню за доўгі час навязалі барацьбу БАТЭ. Хлопцы, пра што вы? Адрыў ад другога месца – усяго тры ачкі. Вынік «на тоненькага»…

Мы перамаглі БАТЭ? Не. Мы перамаглі ў менскае «Дынама»? Не. Мы паказваем прагрэсавальны футбол? Зноў не… Тады пра якую барацьбу ідзе гаворка? Або давайце памроім і ўявім, што па шэрагу прычынаў дадзены статус-кво захаваўся б да канца сезону. Вынік дасягнуты – з аднаго боку. А з другога боку – што далей? Пашумім на міжнароднай арэне? Уяўляю вашыя ўсмешкі і сарказм. Заўзятары скажуць: вы ўжо сёлета пашумелі – і будуць мець рацыю! Таму істэрыя з нагоды адстаўкі недарэчная».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Pressball.by

Глядзі таксама
Каментары