Генадзь Фядыніч на волі: «Гэтая крымінальная справа – помста за нашу дзейнасць»


Лідар Незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, затрыманы ўчора раніцай супрацоўнікамі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДзК, выйшаў на волю. Яго адпусцілі ўчора ў 20:30.

У дачыненні да Фядыніча распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 КК РБ – ухіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Ён распавёў «Белсату», што цяпер знаходзіцца ў статусе падазраванага, на допыце даў падпіску аб неразгалошванні.

«Прыйшлі раніцай у маю кватэру, пераварушылі ўсё, нават кніжкі. Забралі жорсткія дыскі з кампутараў і трошкі грошай. Мабільны тэлефон таксама забралі. Падчас ператрусу паводзілі сябе адэкватна, ніхто не пагражаў, я адразу даў ім доступ да ўсіх рэчаў», – гаворыць Фядыніч.

Распачатую супраць яго справу ён звязвае выключна з «помстай уладаў за актыўную грамадскую дзейнасць».

«Відавочна, гэта была спланаваная акцыя, помста за нашу дзейнасць і пазіцыю цягам вясновых пратэстаў супраць Дэкрэту №3. Натуральна, доказная база ў справе адсутнічае, абвінавачванні не маюць абгрунтавання», – кажа лідар незалежнага прафсаюзу.

Фядыніч паведаміў, што справу вядзе следчы ДФР КДзК Сяргей Дзмітрыеў.

Таксама стала вядома, што на волю пасля допыту адпусцілі Наталлю Пічужкіну і Аляксандра Ярашука.

Крымінальная справа па тым жа артыкуле (ч.2 243 КК) распачатая і супраць бухгалтара прафсаюзу Ігара Комліка. Як паведамляюць ягоныя калегі з РЭП, цяпер Комлік у ізалятары на Акрэсціна.

Акрамя Менску, ператрус прайшоў учора і ў офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску, а таксама ў кватэры яго кіраўніка Мікалая Зіміна.

Фядынічу і Комліку пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў