Генадзь Драздоў: З выставы «Пагоні» знялі ўсё, што нагадвала бел-чырвона-белы сцяг і ўкраінскую тэму

photo

Цэнзура Саюзу мастакоў і Палацу мастацтваў зняла з выставы карціну «Памяці беларусаў, загінулых за свабоду Украіны» і інсталяцыю з аскепкам снараду «Граду».

Адкрыццё выставы з нагоды 25-годдзя суполкі «Пагоня» адзначылася скандалам. Выстава распачалася 24-га лістапада ў Палацы мастацтваў у Менску.

«Знялі з экспазіцыі маю працу. Яна называецца «Памяці беларусаў, загінулых за свабоду Украіны. 2015 год», 172 на 172 сантыметры. Унізе пад ёй была інсталяцыя: аскепак снарада рэактыўнай устаноўкі «Град», які прывёз з пленэру з Украіны, з сяла Пяскі Данецкай вобласці. Гэта знялі», – распавядае Belsat.eu мастак Алесь Пушкін.

Ён кажа, што зняць карціну вырашылі Намеснік старшыні па арганізацыйных і творчых пытаннях БСМ Леанід Хобатаў і намесніца дырэктара галерэі «Палац мастацтваў» Наталля Барсукова.

Старшыня суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў кажа, што пасля інцыдэнту меў «непрыемную размову» з Леанідам Хобатавым, якому выказаў свае прэтэнзіі.

«Яны нам нічога не патлумачылі! Проста знялі так нахабна, не каментуючы, не паведамляючы. Працу Віктара Маркаўца ўвогуле знялі з тлумачэннем «за нізкія мастацкія якасці», хаця ён выбітны мастак! У яго няма слабых прац. Таму тут відавочна: усё, што нагадвала бел-чырвона-белы сцяг, і ўкраінскую тэму, здымалася», – абураецца Генадзь Драздоў.

Паводле яго, карціны аўтараў суполкі «Пагоня» здымаюцца не ўпершыню, без аніякіх папярэджанняў і тлумачэнняў.

Акрамя працаў Алеся Пушкіна і Віктара Маркаўца «цэнзура» не прапусціла і карціну Алеся Марачкіна «Двубой, альбо супраціў дзвюхгаловаму мутанту».

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

на другім фотаздымку карціна «Двубой, альбо супраціў дзвюхгаловаму мутанту» (фота «Радыё Свабода»), таксама выкарыстаны здымак з Facebook Генадзя Драздова

Глядзі таксама
Каментары