Геаграфія расейскіх «грузаў-200»


Расейскія і ўкраінскія інтэрнаўты збіраюць з сацыяльных сетак інфармацыю пра жаўнераў з Расеі, якія ваявалі ці ваююць на Данбасе. На адмысловай мапе актывісты пазначаюць месца жыхарства баевікоў і кадравых вайскоўцаў.

Асобнымі сімваламі на мапе пазначаныя тыя, хто быў заўважаны на тэрыторыі Украіны са зброяй, каго ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы, тых, хто загінуў. Паводле сайту lostivan.com, найбольш расейцаў, што ваююць на тэрыторыі Украіны, жывуць у еўрапейскай частцы Расеі, аднак ёсць і найміты з Якуціі ды з-пад Магадану.

У баявых дзеяннях супраць украінскага войска на Данбасе бяруць удзел і расейскія кадравыя вайскоўцы, і «добраахвотнікі». Дзеля вербавання апошніх выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі і адмыслова створаныя сайты. Цяпер памагатыя тэрарыстаў шукаюць для баявых дзеянняў мужчынаў старэйшых за 25 гадоў. «Удзел у вайне кожнага асобнага чалавека – дыктуецца ягоным сэрцам ды імкненнем да справядлівасці, якое так характэрна для рускага чалавека», – гаворыцца на адным з іх.

Паводле ўкраінскай выведкі з пачатку канфлікту на Данбасе загінулі не менш за 2 тысячы грамадзянаў Расеі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў