«Газпрам»: Зніжкі на газ для Беларусі не будзе


Расейскі холдынг лічыць немэтазгодным зніжэнне цаны на газ для нашай краіны.

«У нас формула з Беларуссю вельмі простая. Мы бярэм цану вытворчасці ў Ямала-Ненецкай акрузе і да яе дадаем цану транспарціроўкі, нічога лішняга. І гэты прынцып быў падпісаны. Чаму мы павінны сёння прадаваць газ Беларусі танней, чым прадаем яго ў Расеі?» – заявіў інтэрвʼю «РИА Новости» намеснік старшыні праўлення «Газпраму» Валерый Голубеў.

Ён адзначыў, што існуюць розныя формулы цэнаўтварэння на газ.

«Ёсць формулы, напрыклад, звязаныя з нафтавымі каэфіцыентамі, а Беларусь ішла па іншым шляху, яны ж самі не пайшлі на формулу, прывязаную да нафтавых эквівалентаў, яны захацелі цану, як у Расеі, плюс транспарт. Сёння беларускія калегі кажуць – не, мы хочам, каб было па-іншаму. Ну, трэба быць паслядоўнымі », – адзначыў топ-менеджар.

Паводле Голубева, цяпер цана на газ для Беларусі складае $ 132 за тысячу кубаметраў.

Адказваючы на пытанне, ці можа быць зробленая саступка Беларусі ў цане, ён адзначыў, што існуе міжурадавае пагадненне, якое вызначае формулу цаны паставак расейскага газу:

«Цяпер для Арменіі падпісаны кантракт на $ 150. Гэта такая ж па сутнасці саюзная дзяржава, але Арменія знаходзіцца крыху далей за Беларусь, таму цана для іх крыху большая. Для Кіргізіі цана таксама $ 150, яны таксама член ЕАЭЗ. Яны таксама могуць патрабаваць (перагляду цаны)? А затраты нашы хто будзе кампенсаваць? «

Раней прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што цана на расейскі газ для Беларусі павінна быць $ 80 за тысячу кубаметраў. Патлумачыў тым, што нашая краіна плаціла $ 165 за тысячу кубаметраў у 2014 годзе, калі долар каштаваў 32-33 расейскіх рублі, у той час, як цяпер долар каштуе больш за 60 расейскіх рублёў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў