Газета МУС напісала пра рэакцыю беларусаў на прапанову «лібералізацыі»


Міністэрства ўнутраных справаў задаецца пытаннем, ці гатовае беларускае грамадства да пераменаў.

У сваёй большасці грамадзяне беларусы падтрымалі прапанову міліцыі не штрафаваць кіроўцаў, якія забылі пасведчанне кіроўцы дома. У адмысловым апытанні такую ідэю падтрымалі 93 % рэспандэнтаў, паведамляе газета МУС «На варце».

Да таго ж атрымалі падтрымку ініцыятывы павялічыць з 400 да 1000 еўраў памер страты ў выніку ДТЗ, пры якім кіроўцы маюць права не звяртацца ў ДАІ, як і па вызваленні супрацоўнікаў аддзелаў унутраных справаў ад неўласцівых функцыяў, піша «На варце».

У той жа час абаронцы жывёлаў мяркуюць, што пад выглядам «лібералізацыі» міліцыя хоча скараціць свае абавязкі. На мінулым тыдні актывісты нават напісалі адмысловы зварот, у якім тлумачаць, што будзе, калі з кампетэнцыі міліцыі будзе выкраслены артыкул «Аб жорсткім абыходжанні з жывёламі». Міліцыянты не хочуць складаць пратаколы па справах, што падпадаюць пад гэты артыкул, бо лічаць гэта таксама неўласцівай для сябе функцыяй.

Абаронцы жывёлаў: Пад выглядам «лібералізацыі» міліцыя скарачае свае абавязкі

У апытанні, арганізаваным на старонцы міністэрства і іншых інтэрнэт-сайтах, прынялі ўдзел каля 54 тыс. асобаў. Акрамя таго міліцэйскае ведамства атрымала 142 лісты і больш за 1,1 тыс. лістоў на электронную скрыню.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў