Газета Мінабароны «Во славу Родины» абвінаваціла лідараў БНР у амаральнасці


Беларуская вайсковая газета «Во славу Родины» апублікавала артыкул, у якім крытычна ацэньваецца дзейнасць лідараў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Аўтар артыкулу «Асаблівасці «беларускага адраджэння» у 1918–1920-х гадах», палкоўнік у адстаўцы Яўген Падлесны адзначае, што нядаўна «пэўнымі сіламі» прадпрымалася спроба арганізаваць пышнае святкаванне 100-годдзя БНР, якая «навязваецца беларускаму грамадству ў якасці народнай дзяржавы». У сувязі з гэтым аўтар прапаноўвае разабрацца ва ўсіх аспектах стварэння БНР.

Асноўная думка артыкула заключаецца ў тым, што лідары БНР паводзілі сябе амаральна, шукаючы падтрымку ў немцаў ды палякаў, а іх ідэі нацыянальнага адраджэння былі адрынутыя беларускім народам.

Вось найбольш яскравыя цытаты з гэтага тэксту:

«Беларусы не лічылі іх (нацыянальныя ідэі, якія прапагандавалі лідары БНР, – заўв. belsat.eu) беларускімі. Асабліва наглядна выявілася гэта падчас ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі ў 20-я гады XX стагоддзя ў БССР. Самы актыўны ўдзел у ёй прымалі многія вядомыя дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, якія і ў савецкай Беларусі заставаліся прыхільнікамі заходне-хрысціянскай цывілізацыі і сваіх поглядаў на беларускую дзяржаўнасць. Напрыклад, захаваліся пісьмовыя сведчанні таго, калі цэлыя паселішчы Беларусі прымалі рашэнні супраць увядзення беларускай мовы сілавымі метадамі. У БССР яны захоўваліся пад грыфам «Совершенно секретно». Большасць беларускага народа не разумела прапанаванага фармату беларускай мовы, складзенага ў сярэдзіне XIX стагоддзя на аснове лацінскага алфавіту ў мэтах супрацьстаяння расейскаму ўплыву ў Беларусі. У такой форме яна не з’яўлялася нацыянальнай беларускай мовай».

«Ва ўсёй гісторыі «поспехаў» дзяржаўнага будаўніцтва ў рамках Беларускай Народнай Рэспублікі 1918-1920-х гадоў прысутнічае горыч палітычнай амаральнасці паводзінаў яе лідараў. У сваім імкненні прыцягнуць на свой бок увагу Захаду дзеячы беларускага нацыянальнага руху гатовыя былі паступіцца любымі прынцыпамі. Адной з прычын такой апантанасці было зачараванне ўладай. Паны, старшыны, маршалкі, дыпламатычныя прыёмы і дыпламатычныя місіі – усё гэта заварожвала і п’яніла».

У якасці прыкладу «амаральнасці» лідараў беларускага нацыянальнага руху аўтар артыкулу цытуе тэлеграму на імя кайзера Нямеччыны, дзе кіраўніцтва БНР просіць немцаў абараніць Беларусь і кажа пра неабходнасць саюзу з БНР з Нямеччынай. Акрамя таго, палкоўнік у адстаўцы, нагадвае, што Другі Ўсебеларускі з’езд адбыўся ў 1944 годзе пад наглядам нямецкай акупацыйнай адміністрацыі.

Аўтар тэксту Яўген Падлясны абяцае працягнуць тэму ў наступным нумары газеты «Во славу Родины».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў