«Астравецкая праўда» не апублікавала праграму апазіцыянера


Газета «Астравецкая праўда» адмовілася публікаваць перадвыбарную праграму кандыдата ў дэпутаты ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалая Уласевіча, які балатуецца па Смаргонскай акрузе № 59.

Як паведамляе прэтэндэнт у дэпутаты на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», у рэдакцыі газеты палічылі, што ягоная перадвыбарная праграма не адпавядае патрабаванням, выкладзеным у Выбарчым кодэксе.

Ч. 1 арт. 47 і ч. 1 арт. 75 Выбарчага кодэксу, на якія спасылаецца «Астравецкая праўда», усталёўваюць, што перадвыбарная праграма не павінна ўтрымліваць «прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, заклікаў, якія падахвочваюць або якія маюць на мэце заахвочванне да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты».

Тэкст перадвыбарнай праграмы Уласевіч апублікаваў у «Фэйсбуку». У ёй ён называе сябе «перакананым праціўнікам будаўніцтва АЭС», які з моманту прыняцця рашэння аб яе будаўніцтве ў Беларусі «назваў гэтую задуму злачыннай». Згадваючы інцыдэнт з падзеннем корпуса рэактара, Уласевіч заклікае «неадкладна спыніць» будаўніцтва станцыі.

У сваёй праграме Уласевіч таксама кажа аб карупцыі, якая ў Беларусі «добра арганізаваная і кіруецца з аднаго цэнтру». Пры гэтым у якасці прыкладу ён прыводзіць інфармацыю пра другога кандыдата ў дэпутаты – старшыню Астравецкага райвыканкаму Адама Кавалько, у дачыненні да якога нібыта маюцца «адмоўныя матэрыялы» праверкі праваахоўнікаў па раскрыцці эканамічных злачынстваў.

Уласевіч лічыць, што ён не парушаў нормаў Выбарчага кодэксу, які не прадугледжвае цэнзуры праграм кандыдатаў у дэпутаты. Адпаведны зварот з патрабаваннем апублікаваць яго праграму кандыдат накіраваў у Цэнтрвыбаркам.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў