«Гаворка пра запалохванне цэлага народу». Размова з Заірам Смэдлям з Меджлісу крымскіх татараў


Крымскія татары ўчора адзначылі гадавіну, магчыма, самых трагічных падзеяў у гісторыі: 72 гадоў таму, па асабістым рашэнні Іосіфа Сталіна, увесь народ крымскіх татараў быў дэпартаваны ў азіяцкія стэпы Узбекістану і Таджыкістану.

Мы пагаварылі з Заірам Смэдлям, старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі нядаўна забароненага Расеяй Меджліса, арганізацыі, што абʼядноўвае крымскіх татараў.

Непераможаныя. 72-я гадавіна сталінскай дэпартацыі крымскіх татараў

– Як крымскія татары сёлета будуць адзначаць гадавіну дэпартацыі?

– Сёлета акупацыйныя ўлады Крыму проста забаранілі арганізацыю ўсіх публічных дэманстрацыяў, звязаных з балючай гадавінай дэпартацыі. Сябрам Меджлісу толькі дазволілі разам ускласці кветкі пад выбранымі помнікамі, што нагадваюць пра 1944 года, хоць і тут улады шукалі нагоду, каб забараніць імпрэзы. Улады нібы вырашылі арганізаваць нейкія імпрэзы далёка ад цэнтру Сімферопалю, разам з адкрыццём сціплага мемарыялу ў гонар дэпартаваных татараў, але мы вырашылі не браць удзел у гэтым. Таму што ў сітуацыі, калі ўлады адкрыта сімпатызуюць Сталіну і іншым катам нашага народу, супраца з імі азначае толькі легітымізацыю іх дзеянняў.

Сілы дадала нам і ўсяму народу крымскіх татараў нядаўняя перамога спявачкі Джамалы ў конкурсе «Еўрабачанне»: бачна, што кранальная гісторыя пра дэпартацыю бабулі Джамалы звярнула ўвагу Еўропы на нашую праблему, і мы спадзяемся, што гэтая ўвага не будзе толькі часовай. Гэта была вялікая трагедыя, нават генацыд, нават калі ўрад Расеі спрабуе назваць гэтыя падзеі «у пошуках лепшага жыцця».

«Калі гэты вецер сціхне» – фільм пра суайчыннікаў Джамалы

– Два тыдні таму суд у Сімферопалі забараніў дзейнасць вашай арганізацыі. Як яе сябры збіраюцца працаваць далей?

– Пачынаючы з 2014 года і так мы не мелі магчымасці нармальна працаваць. Так што забарона, шчыра кажучы, не шмат чаго змяніла. На самай справе, суд у Сімферопалі забараніў нам арганізоўваць грамадскія сходы і медыі абавязаныя інфармаваць чытачоў, што нашая арганізацыя забароненая ў Расеі, калі яны хочуць узгадаць нас. Але з 2014 года і так нам практычна ніколі не дазвалялі ладзіць сустрэчаў, а крымскім медыям даручылі, каб пра нас пісалі толькі ў негатыўным святле.

– Чым увогуле займаўся Меджліс?

– Ён быў галоўным пасярэднікам паміж нашым народам і ўладамі. Калі на мясцовым узроўні зʼяўляліся якія-небудзь сацыяльныя праблемы: ад водазабеспячэнне да ўжывання крымска-татарскай мовы ў школах, мы спрабавалі вырашыць іх разам з уладамі. Але яшчэ да роспуску нашай арганізацыі ў нас узнік недахоп фінансавання, бо расейскія ўлады адмаўляліся нам яго прадастаўляць. Акрамя таго, шмат хто з нашых сябраў трапляе пад пераслед.

– Якім чынам гэта праяўляецца?

– Сябраў нашай нядаўна забароненай арганізацыі звычайна судзяць за так званае «грубае парушэнне грамадскага парадку». Як правіла, маюцца на ўвазе нашыя пратэсты ў лютым 2014 года (калі Расея паступова займала Крым), калі нават Расея яшчэ прызнавала, што мы знаходзімся пад юрысдыкцыяй Украіны. Былі нават выпадкі, калі самі суддзі, без адвакатаў, без пракурораў прымаюць рашэнні аб падаўжэнні затрымання нашых актывістаў. Так, напрыклад, гэта было два тыдні таму з намеснікам кіраўніка Меджлісу Ахтэмам Чыйгозам. Нават пры Сталіне існавалі так званыя «судовыя тройкі», і суды не маглі так дзейнічаць.

Калі б яны хацелі, яны маглі б цяпер асудзіць кагосьці за забойства цара Мікалая II! Відавочна, што гэтыя дзеянні палітычна матываваныя.

– Як вы думаеце, гэтыя палітычныя замоўцы знаходзяцца ў Крыме ці вышэй – у Маскве?

– З верху ідзе замова без указання канкрэтных імёнаў, напрыклад «пакарайце 20-30 крымскіх татараў», а пасля патрэбных людзей ужо знаходзяць мясцовыя ўлады. Нас цяпер судзяць па некалькіх справах: у адной з іх сябраў Меджлісу падазраюць у сувязях забароненай у Расеі ісламскай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр». У іншай спрабуюць абвінаваціць выпадковага крымскага татарына ў падпале аўтаў у Ялце з мэтай правакавання этнічных канфліктаў у Крыме. Па нашых звестках, падазраваных у гэтай справе збілі, каб атрымаць ад іх патрэбныя для такой версіі сведчанні. Абвінавачванні абсурдныя: аўты ў Крыме гарэлі, нават калі гэтыя людзі сядзелі ў турме!

То бок падпадаюць пад рэпрэсіі не толькі палітычна актыўныя крымскія татары?

– Дакладна! ФСБ Расеі вельмі любіць, напрыклад, затрымліваць звычайных мусульманаў, што ў пятніцу выходзяць з мячэцяў. Правяраюць, ці ёсць сярод іх нелегальныя імігранты, людзі, звязаныя з «Ісламская дзяржавай» ці з іншымі тэрарыстычнымі арганізацыямі. Але ў нас «нелегальныя імігранты» у першую чаргу з Данецку і з Луганску! Чаму тады не правяраюць дакументы перад цэрквамі ў хрысціянаў, а толькі ў мусульманаў? Гэта ж відавочная дыскрымінацыя! У цэлым у Расеі дэ-факта ігнаруецца свецкасць дзяржавы і праваслаўю даюцца прэферэнцыйныя ўмовы, і іншыя рэлігіі дыскрымінуюцца.

– Як вы думаеце, рэпрэсіі ўзмацняюцца?

– Так, ёсць такая тэндэнцыя. На дадзены момант ужо ёсць выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі прыходзяць у кавярню і затрымліваюць усіх людзей, як той казаў, «неславянскага выгляду», і шукаюць сярод іх «экстрэмістаў».

– Калі палітычныя рэпрэсіі ў Крыме накіраваныя не толькі супраць палітычна актыўнай часткі крымскіх татараў, то якая іх мэта?

– Затрымліваюць усіх, не толькі актыўных, таму што гаворка ідзе не пра рэальныя дзеянні, а пра запалохванне нашага народа. А таксама робіцца спроба справакаваць нашую рэакцыю, магчыма, агрэсіўную. Калі кагосьці незаконна арыштуюць і прыцягнуць у міліцэйскі аўтобус, то частка спакойна ў яго ўвойдзе, але частка і адкажа, хтосьці ўдарыць паліцыянта, і ўжо маем паспяховую правакацыю. Але іх дзеянні, у выніку якіх прызнаецца, што ўсе прадстаўнікі дадзенага народу небяспечныя, і ёсць рэальны экстрэмізм.

Расея проста хоча пазбавіцца ад рэгіянальных этнічных меншасцяў. У Крыме татараў спрабуюць справакаваць на агрэсіўныя дзеянні, магчыма, нават на ўзброены канфлікт, каб пад выглядам «небяспечнай гуманітарнай сітуацыі» зноў нейкім чынам дэпартаваць нас, хаця афіцыйна не будуць так называць свае дзеянні.

– А сярод прадстаўнікоў вашага народу дакладна няма такіх, хто хацеў бы дасягнуць вашых канчатковых мэтаў неабавязкова мірнымі сродкамі?

– Мы ў Меджлісе маем кантакт з нашымі людзьмі, і мы стараемся ўстрымлівацца ад такіх рэчаў. Але, як я кажу, некаторыя гэтай дыскрымінацыі могуць не вытрымаць. Такія людзі сярод нашых ужо зʼяўляюцца. Колькі можна не рэагаваць, калі ў сярэдзіне ночы прыходзяць з вобшукамі ў мячэць, у дамы, дзе жанчыны і дзеці?

– І што вы можаце зрабіць у гэтай сітуацыі? Хацелі б вярнуцца ва Украіну?

Ёсць Будапешцкі мемарандум, іншыя краіны павінны імкнуцца да яго рэалізацыі. Усё павінна быць, як гэта было раней.

Думаю, вы разумееце, што я маю на ўвазе. Адкрыта, на жаль, я нічога не магу дадаць, таму што тады мяне заўтра арыштуюць за экстрэмізм.

Я проста не бачу нічога прывабнага ў цяперашняй палітычнай сітуацыі: я ведаю гісторыю 200 гадоў прыгнёту крымскіх татараў з боку Расейскай імперыі. Лозунг «Крым без крымскіх татараў» зʼяўляецца актуальным і сёння.

– Ці суіснаванне вашай нацыі з расейскай дзяржавай дакладна немагчымае? Бо вашая мова нават мае статус афіцыйнай у Крыме.

– Гэта поўная фантастыка: у любой адміністрацыі вы не можаце выкарыстоўваць нашую мову, ніякіх судовых працэсаў не можа быць зроблена на нашай мове. Паспрабуйце зайсці ў дзяржаўную ўстанову і спытаць што-небудзь па крымска-татарску, дык чыноўнікі яшчэ пачнуць цябе абражаць. На будынку Вярхоўнага суду Крыму нават няма шыльды на крымска-татарскай мове.Адсотак дзяцей, якія наведваюць школы, дзе на нашай мове выкладаюць, у апошні час рэзка скарацілася.

Але шмат якія татары, на думку расейскіх уладаў, не маюць нічога супраць прыналежнасці паўвострава Расеі. Хто гэтыя людзі?

– Гэта людзі, якія павінны выступаць у мясцовых дзяржаўных медыях, якія сцвярджаюць, што мы зʼяўляемся ў дадзены момант самай шчаслівай нацыяй на Зямлі, што нам гэта падабаецца, як увесь час абшукваюць нашыя хаты, нас арыштоўваюць, бʼюць, выкрадаюць… Маюць розную матывацыю: напрыклад, некаторыя з іх мелі праблемы з законам і трапілі ў поле зроку спецслужбаў. Такім чынам, цяпер яны павінны казаць тое, што ўрад хоча, каб яны казалі.

– А з украінскімі ўладамі ніколі не было праблемаў?

– Так, але, галоўным чынам у часы Януковіча. Але, калі шчыра, улада ў Крыме практычна не змянілася. З таго часу, калі кіруе Расея, рэпрэсіі, відавочна, нашмат большыя, але на мясцовым узроўні адныя і тыя ж людзі, якія заўсёды стваралі нам перашкоды: яны ўжо былі пры Януковічу і нават пры Юшчанцы. Старшыня крымскага парламенту Уладзімір Канстанцінаў, напрыклад, меў шматмільённыя даўгі перад украінскай дзяржавай. Таму не дзіўна, што так ахвотна падтрымлівае цяперашнія расейскія ўлады.

У мінулым, нам, вядома, было прасцей дзейнічаць, што не азначае, што мы губляем надзею на будучыню: рана ці позна справядлівасць пераможа.

З Сімферопалю для Belsat.eu, Караль Лучка

Глядзі таксама
Каментары