«Гатовыя ўзяць палкі ды ісці калаціць чыноўнікаў!» Бабруйскія прадпрымальнікі змагаюцца за рынак


Фермерам ды іпэшнікам наказалі ўбрацца з цэнтральнага гарадскога рынка да 19 красавіка. Інакш выганяць іх будуць міліцыя і эвакуатары.

Платная паркоўка замест гістарычнага базару

Завітаўшы на самы стары бабруйскі рынак у сонечны суботні дзень, трапляеш у сапраўдны вір жыцця. Тут табе і куры з пеўнямі якіх хочаш колераў ды парод, і гарадская барахолка, на якой можна знайсці і сапраўдны антыкварыят, і багаты выбар гародніны і фруктаў, за якімі стаяць чэргі пакупнікоў.

Гандаль на гэтым месцы, за брамай Цэнтральнага гарадскога рынка, вядзецца спакон вякоў – кажуць бабруйчане. Іхныя словы пацвярджаюць фотаздымкі пачатку ХХ стагоддзя, на якіх тут – самы сапраўдны базар. Але бабруйскія ўлады вырашылі гэтае месца «акультурыць». Што праўда, што яны тут хочуць зрабіць, дакладна пакуль не вызначыліся – абяцаюць то сквер з фантанамі, то платную паркоўку. Гандлярам жа прапануюць ехаць са сваёй прадукцыяй на іншыя рынкі гораду, ці перайсці на арганізаваную на гэтым жа цэнтральным рынку адмысловую пляцоўку «пад купалам».

Аляксей Юшкевіч, дырэктар прыватнага гандлёвага прадпрыемства «Аліан-фіш», ужо дзесяць гадоў прадае на рынку жывую рыбу. Прадпрымальнік кажа, што гандлёвыя пляцоўкі, што ім прапанавалі ўзамен, яго не задавальняюць, бо там няма столькі пакупнікоў, як на цэнтральным рынку.

«Тут я прадаю за дзень 200 кг рыбы, на іншых рынках – 10. Я застаюся ў мінусе. Да таго ж, іншыя рынкі – прыватныя, і арэнда там вельмі дарагая, таму мне даводзіцца падымаць кошт рыбы, з-за чаго цярпіць і пакупнік», – кажа Аляксей.

Таксама дзесяць гадоў гароднінай са сваёй гаспадаркі тут гандлюе Ігар Русецкі. Ён кажа, што гэтая гандлёвая пляцоўка прывабная менавіта для фермераў, бо тут можна гандляваць адразу з аўтамабіляў.

«Тыя пляцоўкі, што нам прапануюць узамен, не абсталяваныя для гандлю з машын, – кажа спадар Русецкі. – Сюды людзям зручна прыязджаць на сваіх машынах, тут часта купляюць вялікімі партыямі, а не па кілаграму-два. «Пад купалам» такой магчымасці няма. Папярэдне трэба выгружаць тавар, цягнуць яго туды па прыступках. Калі тавар не прадаўся, потым зноў яго несці ў машыну праз увесь рынак. Ці браць грузчыка – за 50 тысяч рублёў».

«Пералічым на вашых гародах кожную бульбіну, і канфіскуем усё, што можна канфіскаваць»

Леанід Юшкевіч, якога фермеры ды прадпрымальнікі абралі сваім лідарам, каб адстойваць рынак, распавядае, што яшчэ летась улады паабяцалі «акультурыць» пляцоўку каля цэнтральнага рынку. У мінулым сакавіку яе перадалі дырэкцыі футбольнага клубу «Белшына». Спадар Юшкевіч кажа, што цягам дзесяці месяцаў футбольны клуб браў з людзей арэндную плату за карыстанне пляцоўкай, але ніякага рамонту пляцоўкі не было праведзена. На пачатку бягучага года «Белшына» увогуле ад пляцоўкі адмовілася. А ў сакавіку людзей пачалі з рынка выганяць.

Прадпрымальнікі сабралі 500 подпісаў за тое, каб рынак застаўся, і пайшлі да гарадскіх уладаў.

Не знайшоўшы разумення ў старшыні бабруйскага гарвыканкаму Андрэя Каваленкі, паехалі да кіраўніка Магілёўскай вобласці Уладзіміра Даманеўскага. Той паабяцаў ім, што рынак застанецца, а каб разабрацца з сітуацыяй, сам прыедзе ў Бабруйск. Чыноўнік прыехаў. Але тут яго меркаванне адносна будучыні рынку змянілася. Спадар Юшкевіч кажа, што размаўляць з прадпрымальнікамі гэтым разам ён не стаў.

А што да ранейшага абяцання, чыноўнік сказаў: «Гэта маё слова – я яго даў, я яго і назад забяру». Ды паабяцаў праверкі.

«Ён нам сказаў – мы пералічым на вашых гародах кожную бульбіну, і канфіскуем у вас усё, што можна канфіскаваць», – кажа лідар прадпрымальнікаў.



І сапраўды, распавядаюць фермеры, пасля візіту да кіраўніка аблвыканкаму, на рынку амаль кожны дзень праверкі – падаткавая, санстанцыя, ветэрынарная лабараторыя, ДАІ.

У той жа час, як заўважыў прадпрымальнік Ігар Русецкі, працаўнікі санстанцыі і ветэрынарнай службы самі ж і купляюць тут гародніну. Ня грэбуе прадукцыяй фермераў і кіраўніцтва гораду, хоць і называе такі гандаль нецывілізаваным. Паводле спадара Русецкага, намеснік старшыні гарвыканкаму набываў на рынку семянную бульбу.

Рынак для беларускага народа

Пакупнікі таксама супраць ліквідацыі рынка і надалей хочуць мець магчымасць набыць у цэнтры гораду свежую і танную хатнюю гародніну.

«Гэты рынак яшчэ даваенны, ён вельмі зручны для пакупнікоў, тут усё заўсёды вельмі танна. І да машыны дапамогуць паднесці, – кажа пакупніца, пенсіянерка Святлана. – Пад купалам мне нязручна. Я, стары чалавек, што, вазьму сетку бульбы на плечы і адтуль буду несці ў машыну? Ці трэба грузчыку заплаціць. Дык гэта што – у нас дзяржава так клапоціцца пра людзей? Гэты рынак мусіць застацца. Ён – для беларускага народа. Бо сюды да нас з усіх гарадоў вязуць тавар. І я хачу, каб нашыя ўлады пачулі, што мы будзем адстойваць гэты рынак».

«Гэта ўжо занадта. Куды людзям ісці, што рабіць? – кажа фермерка Таццяна, а на яе вочы наварочваюцца слёзы. – Мы год гэта ўсё вырошчваем, каб нейкую капейчыну зарабіць. А нас хочуць пазбавіць магчымасці неяк сябе і сям’ю ўтрымліваць. Мы ўжо зараз у полі мусім быць, новы сезон пачынаць. Але з-за таго, што тут адбываецца, не ведаем, што і рабіць, ці ёсць сэнс у гэтым годзе нешта вырошчваць. Проста рукі самі ні за што не бяруцца ўжо».

Але кідаць змаганне прадпрымальнікі і пакупнікі пакуль не збіраюцца.

«У нас лозунгі – усё для народа. А як жа для народа, калі людзей, што тут гандлююць, хочуць пакінуць без працы? Калі чалавек у гэтай краіне знайшоў хоць маленькі свой кавалак хлеба, дык дайце яму працаваць. Дачакаюцца ўлады, што людзі пойдуць даставаць брукаванку каля Дому ўраду. Таму што гэта ўсё ўжо нязносна, трываць больш немагчыма. Людзі ўжо гатовыя браць палкі ды ісці калаціць улады», – эмацыйна рэзюмуе Леанід Юшкевіч.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў