Гары Паганяйла: У Беларусі парушаюцца ўсе правы чалавека


У Сусветны дзень правоў чалавека адзін з самых вядомых праваабаронцаў Беларусі Гары Паганяйла распавёў belsat.eu, якія рысы характару патрэбныя, каб абараняць правы людзей.

«З дзяцінства імкнуўся адстойваць справядлівасць»

Спадар Гары, чаму Вы абралі прафесію юрыста і праваабаронцы?

На мой выбар жыццёвага шляху наклалі моцны адбітак умовы, у якіх я нарадзіўся. Маё жыццё пачалося ў засценках сталінскага лагеру, дзе была яшчэ больш відавочная несправядлівасць. Таму, калі трэба было абіраць прафесію, я не вагаўся. Ува мне ўжо было закладзена памкненне адстойваць праўду, дапамагаць змагацца за яе. Яшчэ ў 9-м класе ў сачыненні на тэму «Кім я хачу стаць», я напісаў – адвакатам. І з таго часу мэтанакіравана ішоў да рэалізацыі гэтай ідэі.

У сваёй аўтабіяграфіі Вы распавядаеце, што ў дзяцінстве праяўлялі жорсткасць у бойках, што біліся не да «першай слязінкі», але да “першай крывінкі”. Ці Вы захавалі гэткі ж падыход і далей у сваім прафесійным жыцці – біцца за праўду да апошняга?

Так, гэты стрыжань – жаданне не проста змагацца, але перамагаць, заўсёды дыктаваў мне лінію паводзінаў. Я ішоў да канца. І ў большасці выпадкаў выйграваў справы. Асабліва ў грамадзянскіх працэсах. Перашкодзіць магла толькі палітычная падаплёка справы. Але магчыма абысці нават і яе. Галоўнае – знаходзіць жалезабетонныя аргументы і доказы, якія будуць пацвярджаць аргументацыю, а яшчэ – дэманстраваць суддзям, што ты пойдзеш да канца. І гэта важна нават сёння, калі ў палітычных справах перамагаць усё цяжэй.

У якой справе ў Вас атрымалася абысці нават палітычную падаплёку?

Адна са справаў, што найбольш мне запомнілася, гэта справа Міхаіла Чыгіра. Палітызаваная – далей няма куды. Памятаеце тую сітуацыю з альтэрнатыўнымі выбарамі прэзідэнта ў 1999 годзе, на якіх ён вылучаў сваю кандыдатуру? А потым быў абвінавачаны ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Ягоная справа мела каля 18 тамоў. У выніку правільна пабудаванай абароны суд апраўдаў Чыгіра па 4 з 5 эпізодаў. Па 5-м эпізодзе я падаў скаргу, і справа была спыненая.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Сёння суддзі цалкам леглі пад выканаўчую ўладу»

Вы працавалі ў праваабарончай сферы яшчэ з савецкіх часоў. Як змянялася тут сітуацыя ў Беларусі цягам дзесяцігоддзяў?

Я застаў яшчэ той шчаслівы час, калі нягледзячы на камуністычны рэжым, законы спрацоўвалі. За малым выключэннем вельмі палітызаваных справаў. Я быў суддзёй з 1971 па 1976 гады. І тады існавала тэлефоннае права, якое і сёння квітнее. Але я стараўся яму не падпарадкоўвацца, і гэта атрымлівалася. Зноў жа, кажу, галоўнае – даць ясна зразумець, што ты не будзеш гуляць несумленна. У канцы 80-х гадоў – гарбачоўскае пацяпленне, час, калі з пастоў былі знятыя генеральны пракурор, міністр юстыцыі, іншыя чыноўнікі. Камуністычная партыя мела ўжо мінімум улады. Тады нават у вострых палітычных справах можна было дамагацца пазітыўнага рашэння.

Сёння нашыя суддзі цалкам леглі пад выканаўчую ўладу. Калі гэта палітычная замова, сёння загадзя вядома, што ні ў якой інстанцыі суд не апратэстуе справу.

«Сапраўдных праваабаронцаў рэпрэсіі не спыняюць»

Што гэта значыць – быць праваабаронцам у беларускіх умовах?

Праваабаронца не абаронены законам, няма закону аб дзейнасці праваабаронцаў, ці міжнароднага нейкага дакументу. У той жа час, ёсць вялікі маральны аўтарытэт праваабаронцаў ва ўсім свеце. Гэта, дарэчы, хутка зразумелі нашыя апазіцыйныя партыі: прасцей працаваць у праваабарончым полі, чым у прафесійнай палітыцы. Напрыклад, колішняя акцыя АГП «Ланцужкі неабыякавых», праца «Гавары праўду» – гэта чыста праваабарончая дзейнасць, а не палітычная. І гэта вельмі характэрна для такіх рэжымаў, як у Беларусі.

Мне даводзілася чуць ад праваабаронцаў, што не стае ні сіл, ні матывацыі, калі бачыш, што іншым гэта не патрэбна. А ў Вас не ўзнікала такой стомленасці? Наколькі ў Беларусі гэта ўдзячная справа – абарона правоў?

Так, грамадства ўсё больш пасіўнае, надакучыла і насельніцтву, і актывістам, што прагрэсу няма, а ўрад толькі закручвае гайкі. Ці не стамляюся я? Я паводле характару баец, таму пакуль не буду разбіты, хваробай ці нечым яшчэ, не пакіну праваабарончае поле. Гэта мая ўнутраная патрэба – дапамагаць людзям. Сапраўдных праваабаронцаў рэпрэсіі не спыняюць. Бо баязлівец у абарону правоў не пойдзе. Тут трэба мець байцоўскія рысы характару.

«Кавалак хлеба беларусам бліжэй, чым разуменне свабоды»

Якія правы беларусаў сёння парушаныя?

У Беларусі парушаюцца ўсе асноўныя правы чалавека – пачынаючы ад права на жыццё і заканчваючы правам на пахаванне. У апошнім выпадку – калі чалавек расстраляны, у нас не выдаюць ягонае цела, не кажуць, дзе ён пахаваны. Ідзе парушэнне ўсіх міжнародных нормаў. І гэта, без сумневу, – бесчалавечныя паводзіны з боку дзяржавы. У беларусаў няма таго права, якое б чыноўнікі не парушылі. Сёння ў Беларусі яшчэ больш моцны ціск на грамадзянскую супольнасць, чым у СССР у апошнія дзесяцігоддзі.

А наколькі самі беларусы ўсведамляюць, што іх правы парушаюцца?

Улічваючы, што ва ўмовах сапраўднай свабоды, як яе разумеюць на Захадзе, мы ніколі і не жылі, людзі не ведаюць, што ўваходзіць у паняцце свабодай і правоў, і не могуць успрымаць свабоду як нешта каштоўнае, як нешта сваё. Кавалак хлеба ім бліжэй, чым тое ж права на стварэнне асацыяцыі, ды іншыя правы.

Статыстыка сведчыць, што ў рэйтынгу каштоўнасцяў свабода і правы ў беларусаў знаходзяцца значна ніжэй за самыя базавыя патрэбы. На першых месцах – права на жытло, на годную ўзнагароду за працу.

«Апазіцыя – не гарант рэалізацыі правоў чалавека»

Што можна зрабіць сёння, каб змяніць сітуацыю?

Па-першае, патрэбны час. Як паказвае гісторыя заходняй дэмакратыі, некаторым з іх спатрэбілася 200-400 год. Але ў той жа час нашыя суседзі – Прыбалтыка, Грузія, спадзяюся, Украіна, паказваюць, што гэтыя працэсы могуць ісці значна хутчэй. Я глыбока перакананы, што такая сітуацыя выспявае і ў Беларусі. Чым больш рэпрэсіяў, тым большай будзе прага да свабоды. Але разлічваць на тое, што гэта адбудзецца заўтра, не даводзіцца.

Грамадства трэба рыхтаваць да разумення, што такое правы чалавека. І больш правільна сёння працаваць менавіта з людзьмі і іхнай свядомасцю, а не з уладамі. Пры сённяшніх уладах наўрад ці нешта зменіцца ў лепшы бок. Але і змена ўлады не гарантуе, што правы чалавека будуць паважацца і рэалізоўвацца. Апазіцыя – не гарант рэалізацыі правоў чалавека. Шмат хто з тых, хто сёння называе сябе апазіцыяй, зусім не прытрымліваюцца сапраўды дэмакратычных каштоўнасцяў, таму што яны на іх не выхоўваліся. І гэта можа яшчэ адбіцца на нас – сёння іх ціснуць, заўтра яны будуць ціснуць.

Што праўда, і маладое пакаленне не шмат аптымізму дае, бо выхоўваецца на «пафігізме». Але прырода такая, што часам нараджае тых, хто ўсё ж выводзіць краіну да дэмакратычных каштоўнасцяў. Тым жа, хто збіраецца ў праваабарончую дзейнасць, хачу пажадаць вытрымкі, душэўнай раўнавагі і гатоўнасці змагацца.

Гары Паганяйла нарадзіўся 14 кастрычніка 1943 года на станцыі Плісецкая Архангельскай вобласці – у лагеры для рэпрэсаваных, дзе пражыў да ўзросту трох гадоў. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Працаваў адвакатам, суддзёй. Прымаў удзел у складанні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. Выступаў адвакатам у гучных справах Славаміра Адамовіча, Тамары Віннікавай, Паўла Шарамета, Змітра Завадскага, Міхаіла Чыгіра, Васіля Старавойтава. Цяпер – кіраўнік юрыдычнай службы Беларускага Хельсінкскага камітэту.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў