Гары Каспараў: У крытычнай сітуацыі Лукашэнка прымкне да «пахана» Пуціна

video

У Вільні скончыўся Другі форум свабоднай Расеі. Імпрэза сабрала шэраг знакамітых палітычных апанентаў Уладзіміра Пуціна, якія цягам трох дзён дыскутавалі пра альтэрнатывы крамлёўскаму рэжыму з мэтаю збудаваць новую краіну. Сярод удзельнікаў форуму – палітычны дзеяч Гары Каспараў, які даў эксклюзіўнае інтэрвʼю «Белсату».

«Я б сказаў, што сітуацыя ў Расеі развіваецца па беларускаму сцэнару, але насамрэч усё нашмат небяспечней, бо магчымасць бацькі Лукашэнкі шкодзіць навакольнаму свету даволі абмежаваная. Тэрарызуе толькі сваё насельніцтва, і сваім прыкладам натхняць іншых дыктатараў. Небяспечнасць Пуціна непараўнальна большая. Мы маем аднаасабовую дыктатуру з усё больш адкрытым выкарыстаннем элементаў фашысцкай ідэалогіі.

Пуцін зрабіў канфрантацыю са светам ключавым ланцугом сваёй унутрыпалітычнай павесткі і на гэта працуе расейская прапаганда… Апошнім часам расейская прапаганда пачынае гуляць у шалёныя гульні з вобразамі ядравай вайны. Мне падаецца, гэта крайняя форма палітычнага адчаю дыктатара, які знаходзіцца ў ізаляцыі, але пры гэтым мае каласальныя магчымасці ствараць напружанне».

На думку Каспарава любыя формы палітычнай барацьбы ў Расеі бессэнсоўныя, бо ўсе знаходзяцца пад кантролем Крамля.

«Відавочна, што змены ў Расеі могуць адбыцца толькі ў выніку буйнога вонкавапалітычнай паразы. Не абавязкова яно павінна быць вайсковым. Пакуль Пуцін у стане падтрымліваць ілюзію няўразлівасці, чакаць пераменаў не варта. Трэба чакаць сітуацыі пераменаў, а яна заўсёды ўзнікае. У гэтым плане Вільнюскі форум нашмат эфектыўней аналагічных мерапрыемстваў.

Пуцінскі рэжым траціць мільярды на прапаганду на ангельскай мове, у тым ліку і на прапаганду сярод рускамоўнага насельніцтва, таму мае пэўныя вынікі«.

Дыктатары заўсёды падтрымліваюць адзін аднаго, упэўнены Каспараў.

«Усе рознагалоссі Лукашэнкі і Пуціна маюць вонкавы характар. Заўсёды ёсць нейкія канфлікты, альбо «разборкі» як у мафіёзі, але па глабальным пытанням, іх адносіны аднолькавыя. Лукашэнка знайшоў выгодны для сябе манеўр, калі хоча нешта ад Захаду – дэманстраваць сваё жаданне дыстанцыравацца ад Расеі, хаця зразумела ў крытычнай сітуацыі ён прымкне да «пахана».

Каспараў лічыць, што Пуцінскую Расею могуць абрушыць толькі эканамічныя санкцыі Захаду.

«Пытанне не ў тым, што ў Захада няма інструментаў, на Захадзе няма палітычнай волі, а гэта вынікае з таго, што мы толькі цяпер пачынаем разумець маштаб пранікнення пуцінскай культуры ў фінансавыя, эканамічныя, палітычныя колы Захаду».

Глядзіце больш у відэа.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары