Гармата і арбалетны механізм – здабыткі археолагаў у Горадні


У рамках рэканструкцыі Старога Замку, археолагі зрабілі некалькі шурфаў.

На гарадзенскім Старым Замку як ніколі шмат мітусні і шуму: працоўныя збіваюць тынкоўку з брамнай вежы, іншыя пачынаюць разборку пасляваенных будынкаў унутры комплексу, якія пойдуць пад знос, а тут яшчэ і дзяцей на экскурсію прывезлі… Неспакойны час.

У межах маштабнай рэканструкцыі, цягам якой каралеўскаму замку маюць вярнуць выгляд, набліжаны да часоў Баторыя, знайшлася праца і для археолагаў. Як кажа навуковы супрацоўнік музею Наталля Кізюкевіч, гэта не археалогія ў чыстым выглядзе, але архітэктурна-археалагічныя даследаванні. Бо мэта даследаванняў – вывучэнне канкрэтных архітэктурных помнікаў Замкавай гары. Археалогія тут дапаможа вызначыць архітэктурныя асаблівасці ды змены ў выніку шматлікіх перабудоваў.

Шурф ля самай сцяны, які знаходзіцца ў распрацоўцы зараз, ці не самы цікавы, прызнаецца Наталля. Бо пачынаючы з 1930-х да 1980-х на замкавай тэрыторыі перакапалі ледзьве не ўсё, але гэты кавалачак застаўся некранутым.

«Па абарончай сцяне, якую мы бачым у раскопе, можна прасачыць розныя матэрыялы і, адпаведна, перыяды ў гісторыі замка, – тлумачыць археолаг, – зверху бачым польскую міжваенную рэстаўрацыйную цэглу. Ніжэй – сляды апалубкі, якая рабілася з дошак у часы Быторыя. Ну і ў самым нізе незамацаваныя паміж сабой валуны – муры Вітаўта».

Самае цікавае, што побач з магутнымі камянямі – слой пажарышча, імаверна XIV ст. Выснова нібыта напрошваецца сама сабой: гэта і ёсць сляды легендарнага пажару 1393 альбо 1398 года, пасля якога Вітаўт узвёў гатычны мураваны замак на месцы знішчанай драўлянай крэпасці! Але… Праверыць даставернасць гэтай прыгожай версіі яшчэ давядзецца навукоўцам.

Дарэчы, пад слоем вугалю знаходзіцца старажытны вал, у насыпу якога знайшлі фрагменты керамікі XІІ ст., то бок акурат часоў летапіснага гораду.

Не абышлося і без цікавых знаходак. Сярод іх – фрагмент казённай часткі гарматы, якая хутчэй за ўсё была разарвана выбухам, а пасля яшчэ моцна аплавілася падчас пажару.Адмыслоўцы яшчэ маюць дакладна вызначыць яе тып і час вырабу, але пакуль мяркуецца, што гэта XVІІ ст. Дарэчы, гэта адзіная гармата, знойдзеная за ўвесь час на тэрыторыі Старога Замку.

Яшчэ адна цікавостка – арбалетны «арэх». Гэта назва часткі спускавога механізму арбалета, які быў зроблены з рогу. Вельмі падобны асобнік быў знойдзены на тэрыторыі замку падчас раскопак пад кіраўніцтвам Алега Трусава ў 1980-я.

Наперадзе – працяг даследаванняў на тэрыторыі замку, якія будуць праводзіцца з дапамогай студэнтаў у рамках летняй археалагічнай практыкі.

Чакае археолагаў і галоўная інтэлектуальная праца – супастаўленне вынікаў раскопак розных гадоў, каб скласці агульную карціну забудовы замкавай гары амаль за 1000 год яе гісторыі.

АК belsat.eu

Стужка навінаў