Гарбачоў распавёў, чаму не арыштаваў Шушкевіча, Ельцына і Краўчука


Першы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў даў інтэрвʼю з нагоды 25-годдзя распаду Савецкага Саюзу.

Гарбачоў адзначыў, што ў межах былога Савецкага Саюзу можа зʼявіцца новая Саюзная дзяржава.

«Я лічу, што Саюз новы можа быць. У ранейшых межах і з тым жа складам, добраахвотна », – удакладніў палітык. Пры гэтым ён падкрэсліў, што не здымае з сябе «долю адказнасці» за распад Савецкага Саюзу, хоць і адстойваў СССР «да канца».

Міхаіл Гарбачоў патлумачыў, чаму не спрабаваў арыштаваць прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына, кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча і лідара Украіны Леаніда Краўчука. Экс-прэзідэнт СССР выказаў меркаванне, што арышт рэспубліканскіх лідараў мог выліцца ў грамадзянскую вайну.

«Я думаю, гэта пахла грамадзянскай вайной. Гэта небяспечна. Я распачаў іншае – я аддаў уладу, я сышоў сам, каб пазбегнуць кровапраліцця», – сказаў Гарбачоў.

На думку былога савецкага лідара, фактарамі, якія падштурхнулі да распаду Савецкага Саюзу, сталі путч ГКЧП у жніўні 1991 года і асаблівасці характару першага прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына.

«Я думаю, што найбольш сурʼёзна, па-буйному, наступствы пайшлі пасля ГКЧП», – падкрэсліў Гарбачоў, дадаўшы, што «трэба было парваць з гэтай зграяй» (найвышэйшай савецкай бюракратыяй, якая стварыла ГКЧП і спрабавала адхіліць Гарбачова ад улады ў жніўні 1991 года).

Гарбачоў таксама сцвярджае, што бачыў праявы «ўладалюбства» Барыса Ельцына, калі той быў партыйным кіраўніком. «Ён вельмі перажываў і вельмі быў незадаволены, адсюль усе ягоныя пратэсты, што ён не чалец Палітбюро», – заявіў былы савецкі лідар, які таксама ўзначальваў і КПСС. На ягоную думку, Ельцын проста «не зразумеў, што яго роля важная, але яна не ў тым, што ён пачаў рабіць, а пачаў ён проста змагацца з Саюзнай цэнтрам».

8 снежня 1991 года лідары Расеі, Украіны і Беларусі Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Станіслаў Шушкевіч падпісалі ў Белавежскай пушчы дакументы, якія спынілі існаванне СССР, і абвясцілі стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 25 снежня 1991 года Міхаіл Гарбачоў абвясціў аб складанні паўнамоцтваў прэзідэнта СССР.

МЯ, паводле tass.ru

Стужка навінаў