Гарадзенскія мытнікі выкрылі 20 аўтамабіляў са змененымі VIN-нумарамі


Супрацоўнікі гарадзенскай рэгіянальнай мытні паведамляюць, што ад пачатку года спынілі каля 20 спробаў увозу на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюзу грузавых транспартных сродкаў з перайначанымі VIN-нумарамі.

У пункце пропуску «Брузгі» быў затрыманы грузавы аўтамабіль «MAN» з расейскімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Праз пункт пропуску «Прывалка» ехаў «DAF» на кіргізскіх нумарах, а ў пункце пропуску «Беняконі» з «перабітымі» нумарамі апынуўся седлавы цягач з паўпрычэпам.

Фота: grt.customs.gov.by

Транспартныя сродкі міжнароднай перавозкі ўвозіліся пад выглядам аўтамабіляў, якія ужо стаяць на рэгістрацыйным уліку ў краінах-удзельніцах Еўразійскага эканамічнага саюзу. Асобы, якія здзейснілі дадзеныя парушэнні, хацелі ўхіліцца ад выплаты мытных плацяжоў у поўным аб’ёме.

Па выяўленых мытнікамі фактах экспертамі тэрытарыяльных падраздзяленняў Упраўлення Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз па Гарадзенскай вобласці дадзена заключэнне, што завадскія ідэнтыфікацыйныя нумары аўтамабіляў змененыя. Нумары мяняліся перабіваліся пасля выдалення першаснай панэлі або шляхам нанасілі элементы другаснай маркіроўкі на арыгінальны нумар.

Агулам кошт канфіскаваных аўтамабіляў ацанілі ў больш за 1 мільён беларускіх рублёў. Па шэрагу фактаў матэрыялы ўжо накіраваныя ў суд для прыняцця рашэння ў адпаведнасці з ч.2 ст.14.1 КаАП Рэспублікі Беларусь. Аўтамабілі могуць быць сканфіскаваныя.

ГА, belsat.eu паводле grt.customs.gov.by

Стужка навінаў