Гарадзенскія палякі адзначылі гадавіну «Цуда на Вісле»


15 жніўня ў Польшчы адзначаецца дзень польскага войска. Гісторыя свята бярэ свой пачатак у 1920 годзе, у часы Савецка-польскай вайны. Штогод адбываецца ўрачысты парад у цэнтры Варшавы, а затым імша ў гонар загінулых жаўнераў за свабоду Польшчы. Гарадзенскія палякі таксама не засталіся абыякавымі да гэтага свята.

Палякі Гарадзеншчыны таксама ўшанавалі памяць жаўнераў, якія пахаваныя на вайсковых могілках у Горадні. Цікава, што на ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі, як незалежнага Саюзу палякаў Беларусі, так і прызнанага ўладамі. Адчувалася напруга сярод прысутных, але акцыя адбылася без эксцэсаў. З уступным словам выступіла Анджэліка Арэхва – старшыня галоўнай рады незалежнага Саюза палякаў Беларусі. Затым прысутныя спявалі патрыятычныя польскія песні, ставілі знічкі і ўскладалі кветкі на магілы жаўнерам, якія загінулі ў верасні 1920 года.

Палякі Гарадзеншчыны на вайсковых могілках
Палякі Гарадзеншчыны на вайсковых могілках
Вайсковыя могілкі ў Гародні

97 год таму польскім войскам быў спынены паход Чырвонай арміі на Еўропу

Маладая Рэспубліка Польшча на чале з Юзэфам Пілсуцкім ставіла мэту аднавіць свае тэрыторыі ў межах 1772 году. Савецкая дзяржава спадзявалася зрабіць сацыялістычную рэвалюцыю ва ўсёй Еўропе. Таму пад кіраўніцтвам Міхаіла Тухачэўскага войска Заходняга фронту Чырвонай арміі рушыла спачатку на аплот «буржуазіі і капіталізму» – маладую Польскую дзяржаву. Савецка-польская вайна распачалася ў студзені 1919 года ў сутычцы за Вільню. Уладзімір Ленін разлічваў, што польскія працоўныя і сяляне ўступяць у шэрагі Чырвонай арміі, калі «чырвоныя» пачнуць займаць тэрыторыю Польшчы. Але сярод палякаў знайшлося мала тых, хто імпанаваў бальшавікам, тым не менш першапачаткова некаторыя палякі далучаліся да «чырвоных», паддаўшыся прапагандзе, аднак, бачачы, як «чэкісты» усталёўваюць «новыя парадкі, згодна філасофіі марксізма-ленінізма» ды савецкіх жаўнераў у лапцях, да палякаў прыходзіла канчатковае расчараванне ў дадзенай ідэалогіі.

Два святы ў адзін дзень

Чырвоная армія ўпэўнена крочыла наперад, а польскія войскі атрымоўвалі паразу за паразай. 13 жніўня бальшавікі ўжо стаялі ля сталіцы Польшчы, тады і распачалася рашучаю бітва за Варшаву. Польскае войска было меншае па колькасці за Чырвоную армію, але 15 жніўня, у дзень узнясення Дзевы Марыі, адбыўся пераломны момант у вайне, які потым назвалі «Цуд над Віслай». Польскія жаўнеры змаглі адбіць атаку бальшавікоў, а ўжо 16 жніўня выступілі ў контратаку. 20 верасня «бальшавікі» ужо былі адкінуты пад Горадню, дзе адбылася яшчэ адна кровапралітная бітва, якая атрымала назву «Нёманская».

Вайна скончылася 18 сакавіка 1921 года падпісаннем Рыжскай мірнай дамовы паміж Польшчай і СССР. У выніку гэтай вайны да Польшчы адышлі заходнія тэрыторыі Беларусі і Украіны. На ўсходніх землях Беларусі паўстала БССР.

 

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары