Гарадзенскія габрэі прайшлі Маршам памяці па тэрыторыі былога гета

photo

Нягледзячы на снег, на акцыю памяці ў Горадні прыйшлі блізу 100 чалавек.

Грамада гарадзенскіх габрэяў «Менора» ўзгадала ахвяраў Галакосту падчас малебну-шэсця Марш памяці па вуліцах Горадні. У акцыі прынялі ўдзел каля сотні чалавек – пераважна гарадзенцы, прадстаўнікі грамады. Да іх далучыўся менскі рабін Рыгор Абрамовіч, а таксама прадстаўнікі праваслаўнага кліру ды лютэранскай супольнасці.

Крайні злева – праваслаўны святар Георгій Рой, у цэнтры – лютэранскі пастар Уладзімір Татарнікаў

Першапачаткова ўдзельнікі планавалі прайсці праз увесь стары горад: з вуліцы Багдановіча, дзе знаходзіцца габрэйскі культурны цэнтр, да вялікай харальнай сінагогі на Траецкай. Аднак з-за снегу і халоднага надвор’я маршрут скарацілі: ад сімвалічнага ўваходу ў гета ўдзельнікі прайшлі па Замкавай да сінагогі.

«У нашай акцыі ёсць два складнікі, – абвесціў падчас прамовы рабін Рыгор Абрамовіч. – Марш сведчыць пра тое, што мы ёсць, грамада жыве і дзейнічае. Памяць – азнака таго, што мы ні пра што не забыліся: часам людзі памятаюць толькі добрае, а дрэннае забываюць, мы ж памятаем усё, нават сумныя старонкі гісторыі».

Рабін Рыгор Абрамовіч

Перад натоўпам выступіла некалькі чалавек, некаторыя старажылы нават чыталі вершы. Наагул большасць удзельнікаў – людзі сталага веку, таму не дзіўна, што арганізатары скарацілі праграму, улічваючы ўзрост і стан здароўя чальцоў грамады. Падобныя шэсці ў Горадні ладзяцца ўжо другі год.

Гарадзенскае гета існавала з лістапада 1941-га да траўня 1943-га, калі горад быў аб’яўлены «Judenfrei» – «вольным ад габрэяў. Агулам праз гета прайшло 42 тыс. габрэяў, з якіх загінула прыкладна 20 тыс. Вайна цалкам перакроіла этнічную мапу гораду, калі ўлічыць, што ў 1930-ых кожны другі гарадзенец быў габрэем (30 тыс. габрэяў з 60 тыс. жыхароў).

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары