Гарадзенскія актывісты правялі пікет, прысвечаны стагоддзю БНР


Гарадзенскія актывісты ў межах перадвыбарчай кампаніі раздавалі ў цэнтры гораду ўлёткі з інфармацыяй пра Беларускую Народную Рэспубліку.

Як паведаміў адзін з арганізатараў мерапрыемства, сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Сяргей Верамеенка, акцыя з’яўляецца часткай перадвыбарчай кампаніі адной з кандыдатак ад АГП і БХД Бэлы Дашкінай, якая такім чынам заклікае грамадзян памятаць і шанаваць сваю гісторыю, а таксама годна адзначыць сотую гадавіну БНР.

Пікет у гонар стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў цэнтры Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

 

 

«Паводле закона, мы маем права праводзіць перадвыбарчыя пікеты. Сама кандыдатка ў дэпутаты цяпер знаходзіцца на працы, а я – яе давераная асоба. Мы раздрукавалі ўлёткі, прысвечаныя БНР. У гэтых улётках мінімум інфармацыі, каб чалавек штосьці спачатку прачытаў, паглядзеў і зацікавіўся», – тлумачыць Сяргей Верамеенка.

Пікет у гонар стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў цэнтры Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Акрамя прыхільнікаў Бэлы Дашкінай, на пікет прыйшлі іншыя кандыдаты ад апазіцыйных партый.

«Цягам гэтай кампаніі мы фактычна маем адзіную легальную магчымасць выходзіць на вуліцу з пікетамі, размаўляць з людзьмі і даносіць да іх інфармацыю. Сёлетняя кампанія адметная тым, што людзям выбары не цікавыя ў прынцыпе. За апошнія гады веру людзей у тое, што праз выбары штосьці можна змяніць у краіне, проста адбілі. Людзі, якія падыходзяць, вядуць агульныя размовы пра жыццё», – кажа Вадзім Саранчукоў, які выступае кандыдатам ад Беларускага Народнага Фронту.

Пікет у гонар стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў цэнтры Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

 

 

На думку ўдзельнікаў пікету, беларускае грамадства, мае вельмі цьмянае ўяўленне пра значнасць стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі і яе стогадовую гадавіну, а таму і такіх акцый павінна праводзіцца як мага болей.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў